ААТ Васілішкі - шматгаліновая гаспадарка, якая спецыялізуецца на вырошчванні збожжавых і зернебабовых культур, насення масленічных культур, бульбы, цукровых буракоў, кармавых культур, развядзенні свіней і малочнай буйной рагатай жывёлы, вырошчванні пладоў і гародніны.

231522, вул. Савецкая, 30, а.г. Васілішкі, Шчучынскі раён, Гродзенская вобласць

+375 (15) 147-93-07
+375 (15) 147-93-14 (факс)

Аператар па штучным абнасеньванні свіней свінафермы “Сандыкаўшчызна” ААТ “Васілішкі” Марыя Акуловіч прызнана лепшай па прафесіі ў рэс публіцы

Аператар па штучным абнасеньванні свіней свінафермы “Сандыкаўшчызна” ААТ “Васілішкі” Марыя Акуловіч прызнана лепшай па прафесіі ў рэс публіцы

Аператар па штучнаму асемяненню свіней свінафермы “Сандыкаўшчызна” ААТ “Васілішкі” Марыя Акуловіч заняла першае месца на рэспубліканскім конкурсе прафмайстэрства і прызнана лепшай у рэспубліцы. Заслужаную ўзнагароду ёй уручыў міністр сельскай гаспадаркі і харчавання Беларусі Іван Крупко.

– Я вырасла ў звычайнай сельскай сям’і ў вёсцы Вялікае Сяло, – кажа перадавік вытворчасці. – Бацькі рана не стала, таму мы з двума старэйшымі братамі – Іванам і Іосіфам – дапамагалі маме ўтрымліваць гаспадарку, пакуль тая працавала на ферме даяркай. Даілі кароў, якіх у нас заўсёды было мінімум дзве, кармілі свіней і курэй. Скончыўшы школу, я падала дакументы ў гандлёва-кулінарнае вучылішча ў Гродне. Не таму, што хацела стаць прадаўцом, а каб хутчэй асвоіць прафесію і пачаць самастойна зарабляць грошы.

Пасля атрымання дыплома Марыя Акуловіч два гады адпрацавала па атрыманай спецыяльнасці ў абласным цэнтры. Магчыма, працавала б яшчэ, але на вяселлі старэйшага брата Івана ёй спадабаўся музыка, які вёў урачыстасць. Знаёмства хутка перарасло ў сапраўднае каханне, і маладая пара звязала сябе сувяззю шлюбу.

– Муж не толькі выдатна гуляў на акардэоне, але і працаваў у гаспадарцы токарам і матарыстам, – працягвае наша гераіня. – Я пераехала жыць да яго ў вёску Кронькі. Неўзабаве на свет з’явіліся сыны Антон і Павел. Выходзячы з дэкрэта, вырашыла пакінуць гандаль, бо адчувала, што гэта не маё, і падалася ў сельскую гаспадарку. Уладкавалася аператарам на свінагадоўчы комплекс “Зброжкі”. Сельгаспрадпрыемства нам выдзеліла жыллё, і мы ўсёй сям’ёй пераехалі ў Васілішкі.

Два гады Марыя Вацлаваўна глядзела за маленькімі парасятамі, пакуль ёй не прапанавалі асвоіць прафесію аператара па штучным абнасеньванні свіней. Яна пагадзілася, і вось ужо трыццаць гадоў клапоціцца аб тым, каб мацёры ў гаспадарцы прыносілі здаровы прыплод.

– Апошнія дзесяць гадоў працую на свінаферме “Сандыкаўшчызна”, дзе ўтрымоўваецца 5,5 тысячы свіней пароды ёркшыр і ландрас, – дзеліцца Марыя Акуловіч. – Толькі ў мінулым годзе займалася абнасеньваннем 2086 галоў. Эфектыўнасць апладнення дасягнула 92 працэнты пры ўстаноўленай норме 86 працэнтаў. Вядома, каб дабіцца такіх высокіх паказчыкаў, трэба быць вельмі ўважлівым і строга выконваць усе тэхналогіі. Калі рамонтным свінкам спаўняецца пяць месяцаў, іх адбіраюць у спецыяльныя секцыі. Ва ўзросце 7,5 месяца яны ўжо гатовы да абнасеньвання, і кожная праз 115 дзён пасля паспяховага пакрыцця здольная прынесці ад 12 да 18 парасят.

Свінаферма “Сандыкаўшчызна” ААТ “Васілішкі” – закрыты вытворчы аб’ект, куды можа патрапіць толькі яго абслуговы персанал. Усе работнікі ў абавязковым парадку праходзяць праз санпрапускнік, дзе ляжаць дэзінфікуючыя кілімкі. Затым прымаюць душ і пераапранаюцца ў спецвопратку, якую пасля працоўнай змены адпраўляюць у мыццё. Абедаюць тут жа: усіх занятых на свінаферме гаспадарка забяспечвае гарачым харчаваннем.

– Праца аператара па штучным абнасеньвання з’яўляецца ключавым звяном ва ўзнаўленні свіней, – падкрэслівае Марыя Вацлаваўна. – Менавіта я адказная за абнаўленне статка на ферме. Усе нашы свінкі – як з карцінкі. Вельмі ганаруся дасягнутымі высокімі вытворчымі паказчыкамі і заўсёды з асаблівым трапятаннем гляджу на нованароджаных парасят. Іх з’яўленне на свет кажа аб тым, што мая праца праведзена якасна.

Аляксандр КАСПЕРЧУК.
Фота аўтара.

Пакінуць адказ

Ваш адрас электроннай пошты не будзе апублікаваны. Неабходныя палі пазначаны як *