Першы ўкос – самы каштоўны: аграрыі ААТ “Васілішкі” бяруць курс на якасныя кормы

У раёне поўным ходам ідзе ўборка траў першага ўкосу. Задача аграрыяў – правесці ўкос у аптымальныя тэрміны і якасна закласці кармы на захоўванне. Бо першы ўкос самы каштоўны: менавіта з такой зялёнай масы атрымліваецца лепшае сена і сянаж.
Днямі палі ААТ “Васілішкі” наведалі лідэр раённага прафсаюза аграрыяў Генрых Юрэвіч і начальнік аддзела працы і заработнай платы ўпраўлення па працы, занятасці і сацыяльнай абароне Шчучынскага райвыканкама Яўген Мяцько. Мэта візіту – убачыць, як праходзіць кампанія, і праверыць умовы працы механізатараў.

У палях кіпіць работа: тут задзейнічаны кормаўборачныя камбайны і касілкі. Як расказаў вядучы спецыяліст па кормавытворчасці ААТ “Васілішкі” Віктар Палуян, нарыхтоўка кармоў не церпіць прамаруджвання.
- Шматгадовая трава першага ўкоса – самыя пажыўныя, багатыя вітамінамі і мікраэлементамі. Усяго ў гаспадарцы яны займаюць 6188 гектараў, на гэты момант скошана больш як 60 працэнтаў, – адзначыў спецыяліст.


Паводле яго слоў, план першага ўкосу прадугледжвае нарыхтоўку 41 600 тон сенажу і 1100 тон сена. Для гэтага задзейнічана 6 КСН (з шырынёй захопу 9 метраў), 3 КПР (з шырынёй захопу 3,2 метра), 2 варушылкі, 6 грабляў, тэхніка на шлязе. На кожны здрабняльнік прыходзіцца па 4 адзінкі транспарта для адвозу гатовай масы.
- Працэс ідзе паслядоўна: ад скошвання да бесперапыннай шлягі цяжкай тэхнікай для ўшчыльнення масы ў траншэях. На гэты момант нарыхтавана ўжо каля 20 тысяч тон сенажу. Трамбоўка арганізавана на дзвюх пляцоўках: на комплексе “Трайгі” і МТК “Кранькі”. Пры добрым надвор’і праз 10 дзён плануем завяршыць уборку. Для праверкі вільготнасці сянажнай масы ў нас маецца ўласная лабараторыя. Упэўнены, усе планы па першым укосе будуць выкананы, – падкрэсліў Віктар Палуян.


На адным з палёў мы заспелі за працай механізатара Андрэя Баумана. Ён працуе на камбайне “JAGUAR”, які падбірае падвяленую масу з валкоў, здрабняе яе і загружае ў транспарт.
- Першы ўкос праходзіць добра. Тэхніка не падводзіць. Калі здараецца дробная паломка, імкнуся ўсё зрабіць саматугам, каб не губляць каштоўны час. Праца мне падабаецца, заробак годны. Працую для душы! – Падзяліўся механізатар.

Генрых Юревич и Евгений Метько не только осмотрели поля, но и лично пообщались с механизаторами. Особое внимание уделили соблюдению техники безопасности.



-Аграрыі ААТ “Васілішкі” забяспечаны ўсім неабходным – спраўнай тэхнікай, палівам і, што самае галоўнае, адказным стаўленнем да справы. Першы ўкос ідзе па графіку. А значыць, зімой гаспадарка будзе з якаснымі кармамі, – рэзюмаваў Генрых Юрэвіч.

Надзея Богдан.
Фота аўтара.













