ААТ Васілішкі - шматгаліновая гаспадарка, якая спецыялізуецца на вырошчванні збожжавых і зернебабовых культур, насення масленічных культур, бульбы, цукровых буракоў, кармавых культур, развядзенні свіней і малочнай буйной рагатай жывёлы, вырошчванні пладоў і гародніны.

231522, вул. Савецкая, 30, а.г. Васілішкі, Шчучынскі раён, Гродзенская вобласць

+375 (15) 147-93-07
+375 (15) 147-93-14 (факс)

Губернатар Юрый Караеў ушаноўваў першых у Шчучынскім раёне чатырохтысячнікаў уборачнай кампаніі

Губернатар Юрый Караеў ушаноўваў першых у Шчучынскім раёне чатырохтысячнікаў уборачнай кампаніі

Губернатар Гродзенскай вобласці Юрый Караеў сёння ўшаноўваў у ААТ “Васілішкі” першых у раёне ўдзельнікаў уборачнай кампаніі, якія намалацілі і перавезлі больш як 4 тыс. тон збожжа. Падзякі, дыпломы і кветкі атрымалі камбайнер Дзмітрый Тарасевіч і вадзіцелі Анатоль Косько і Павел Габіс, якія забяспечылі дасягненне чатырохтысячнага паказчыка.

Сустрэча пачалася з традыцыйнага прывітання хлебаробаў. Юрыю Караеву ўручылі каравай і сноп, пасля чаго кіраўнік рэгіёна павіншаваў работнікаў гаспадаркі з вынікамі ўборачнай кампаніі. Атмасферу мерапрыемства стваралі працаўнікі раённага цэнтра культуры і народнай творчасці, якія выступілі перад удзельнікамі сустрэчы ў нацыянальных строях.

Разам з губернатарам аграрыяў павіншавалі старшыня Шчучынскага райвыканкама Ігар Аверка, кіраўнік ААТ «Васілішкі» Антон Бурнос і прафсаюзны лідэр аграрыяў Генрых Юрэвіч. Юрый Караеў уручыў механізатару і вадзіцелям дыпломы і кветкі, адзначыўшы іх уклад у правядзенне ўборачнай кампаніі.

  • Вашы адданасць справе, прафесіяналізм, зараджанасць на вынік, дысцыпліна і дакладнае разуменне, што нельга страціць ні зярнятка, заслугоўваюць самых добрых слоў. Малайцы! Віншую Шчучынскі раён з першымі чатырохтысячнікамі, – сказаў Юрый Караеў.

Губернатар адзначыў вынікі галіны раслінаводства Шчучыншчыны, падкрэсліўшы, што ў раёне працуюць моцныя гаспадаркі, і падзякаваў аграрыям за працу. Пасля цырымоніі Юрый Караеў разам са Зміцерам Тарасевічам праехаў на камбайне, працягнуўшы знаёмства з працай механізатара непасрэдна ў полі.

Дзмітрый Тарасевіч першым у вобласці намалаціў 4 тыс. тон збожжа на айчынным камбайне “Гомсельмаша”. Прадстаўнікі прадпрыемства ўручылі яму новы электрычны самакат “Бусел”.

Антон Бурнос паведаміў, што гаспадарка завяршае ўборку збожжавых культур. На раніцу ўбрана 93 працэнты плошчаў, адначасова завяршаюцца дапрацоўка збожжа і ўборка саломы. Гаспадарка пачала сяўбу азімага рапсу, якой ужо засеяна больш як 815 га, што складае больш за палову плошчаў.

  • У гэтым годзе нашы амбіцыйныя планы спраўджваюцца. Мы паставілі сабе за мэту атрымаць 50 тыс. тон збожжа. На 2 тыс. тон павялічаны намалот па азімым рапсе, па збожжавых плюсуем каля 2 тыс. тон. Увогуле, мы задаволены вынікам, задаволены нашымі работнікамі і спецыялістамі. Ураджайнасць склала 75,8 ц з га, гэта на 7 ц з га больш за леташні вынік, – сказаў Антон Бурнос.

Для Зміцера Тарасевіча чатырохтысячны паказчык стаў асабістым прафесійным вынікам.

  • Рады, што ўдалося першым у вобласці дасягнуць такога выніку. За гэтымі чатырма тысячамі тон стаяць не адзін дзень працы і не адзін чалавек. Падчас уборкі імкнешся выкарыстоўваць кожную магчымасць, каб тэхніка працавала без прастояў і давала патрэбны рэзультат. Вядома, прыемна атрымаць такую ​​адзнаку сваёй працы і падарунак ад «Гомсельмаша», – сказаў Зміцер Тарасевіч.

Вадзіцелі Анатоль Косько і Павел Габіс адзначылі, што пры вялікіх аб’ёмах уборкі іх асноўная задача ў тым, каб своечасова забіраць збожжа з поля і не затрымліваць работу тэхнікі.

  • Ва ўборачную кампанію праца ідзе ў пастаянным руху. Камбайн намалаціў, значыць, машына павінна быць побач, забраць збожжа і своечасова даставіць яго. Калі недзе з’яўляецца затрымка, гэта адразу адбіваецца на тэмпе ўсёй уборкі. Таму імкнемся працаваць без прастояў, уважліва сочым за сітуацыяй на полі і выконваем сваю частку працы, – сказалі Анатоль Косько і Павел Габіс.

Для абодвух вадзіцеляў увага да іх працы стала часткай агульнай ацэнкі вынікаў гаспадаркі. Па іх словах, чатыры тысячы тон збожжа з’яўляюцца паказчыкам не асобнага ўчастка працы, а ўсяго вытворчага працэсу, у якім кожны адказвае за свой этап.

Дыяна Кейка.
Фота аўтара.