Як цудоўна, што ўсе мы тут сёння сабраліся! На навагоднім свяце Васілішкаўскі дом-інтэрнат прымаў мноства гасцей і падарункаў.
Да чаго ж вясёлым, відовішчным і непаўторным атрымаўся карнавал у Васілішкаўскім доме-інтэрнаце! Да хлапчукоў і дзяўчынак, якія развучылі да свята шмат новых песень, вершаў і танцаў, прыйшлі вадзіць карагод у прыбранай ёлкі не толькі Дзед Мароз са Снягуркай, Прыгажуня-Зіма ды іншыя казачныя персанажы. Да хлопцаў прыехалі іх шэфы з прадпрыемстваў і ўстаноў Гарадзеншчыны, прадстаўнікі грамадскіх і рэлігійных арганізацый, валанцёры БРСМ.
Сярод ганаровых гасцей – намеснік міністра працы і сацыяльнай абароны Ігар Старавойтаў, дэпутат Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь Павел Міхалюк, намеснік старшыні Шчучынскага райвыканкама Алена Пасюта.
– Адыходзячы год выдаўся няпростым, таму мы ўдвая ўдзячныя калектыву Васілішкаўскага дома-інтэрната за тое, што яго супрацоўнікі здолелі захаваць здароўе дзяцей, – адзначыў Ігар Старавойтаў. – Хочацца пажадаць рабятам і дарослым, каб святочныя дні яны правялі ў радасным і прыўзнятым настроі. Бо нездарма гавораць у народзе: як сустрэнеш Новы год, такім ён і будзе.
Ігар Рыгоравіч перадаў у падарунак дому-інтэрнату сертыфікат на 2 тысячы рублёў ад Міністэрства працы і сацыяльнай абароны.
Літаральна кожнаму з гасцей тут далі слова. Гучалі шчырыя словы віншаванняў і добрых пажаданняў. Грашовы сертыфікат на набыццё тэлевізараў і масажнага крэсла для юных пацыентаў перадала з добрымі пажаданнямі начальнік аддзела стацыянарных сацыяльных устаноў камітэта па працы, занятасці і сацыяльнай абароне Гродзенскага аблвыканкама Зоя Дарашкевіч. Па добрай традыцыі прыехалі падзяліць радасць урачыстасці і ўручыць падарункі шэфы з ААТ “Васілішкі”, Гродзенскага філіяла “Белпошта”, РУП “Гроднаэнерга”, рэктар Гродзенскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Янкі Купалы Ірына Кітурка з камандай, дырэктар Лідскага музычнага каледжа Алена Серакова. Не засталіся ўбаку ад добрых спраў і старшыня Шчучынскай раённай арганізацыі РГА “Белая Русь” Юрый Пашук, старшыня раённай арганізацыі Беларускага саюза жанчын Святлана Шанчук, першы сакратар райкама БРСМ Віталя Селівончык. Цацкі, прысмакі, садавіна – усё гэта і многае іншае, нібы рог багацця.
А вось даўні сябар выхаванцаў дома-інтэрната ксёндз Андрэй і прадстаўнікі дабрачыннага таварыства Гродзенскай праваслаўнай епархіі паклапаціліся аб ежы духоўнай: прывезлі іконы ў кожнае аддзяленне, пагутарылі з цяжкахворымі дзеткамі, якія не змаглі ўдзельнічаць у ранішніку.
– Здавалася б, мы як дзяржаўная ўстанова забяспечаны ўсім неабходным, але калі адчуваеш такую каласальную падтрымку і дапамогу спонсараў, шэфаў, сяброў-валанцёраў, то адчуваеш сябе больш упэўнена, – прызнаўся дырэктар дома-інтэрната Здзіслаў Янкевіч. – Нізкі паклон вам ад усіх нашых выхаванцаў за клопат і сардэчнасць. І няхай тое дабро, якое вы робіце для іншых, вернецца вам сто разоў. Шчаслівага ўсім новага года!
Таццяна СТУПАКЕВІЧ.
Фота аўтара.