У вёсцы Вялікае Сяло прайшоў жалобны мітынг у памяць аб настаўніках Іосіфе і Соф’і Камінскіх
У вёсцы Вялікае Сяло прайшоў жалобны мітынг у памяць аб настаўніках Іосіфе і Соф’і Камінскіх, якія 75 гадоў таму былі забітыя бандфарміраваннем Алеха . Каля абноўленага помніка сям’і педагогаў сабраліся кіраўніцтва раёна, прадстаўнікі працоўнага калектыву ААТ «Васілішкі» і мясцовыя жыхары .
– Жахі і зверствы, якія чыняцца фашыстамі на беларускай зямлі, нашаму шматпакутнаму народу не забыцца ніколі, – звярнуўся да ўдзельнікаў мітынгу старшыня райвыканкама Аляксей Садоўскі. — У Год гістарычнай памяці мы зноў і зноў вяртаемся да цяжкіх ваенных падзей, успамінаем загінуўшых і нізка схіляем галовы перад вялікім подзвігам нашых землякоў. Тры гады фашысцкага панавання прынеслі Беларусі значныя чалавечыя і матэрыяльныя страты. Насельніцтва Шчучынскага раёна скарацілася на чвэрць. Усе калгасы і саўгасы былі разрабаваны, спалены многія школы, бібліятэкі, бальніцы, разбураны дзесяткі жылых дамоў. Акупацыя скончылася, але вайна – не. У Заходняй Беларусі аж да пачатку 1950-х гадоў адбываліся шматлікія напады на вайскоўцаў, савецкіх актывістаў, мясцовых жыхароў, якія падтрымалі савецкую ўладу. Частка членаў ваенных фарміраванняў Арміі Краёвай перайшла да ўзброенай барацьбы. На шчучынскай зямлі зверстваваў былы «акавец» Анатоль Радзівонік, ён жа Алех. Яго бандфармаванне было адно з самых жорсткіх на тэрыторыі Заходняй Беларусі, прынесла мноства бед людзям. Забойствы і ўзброеныя рабаванні – упадабаныя заняткі пасляваенных “акаўцаў” – трымалі насельніцтва ў сталым страху. Ад рук банды Алеха ў 1947-1948 гадах гінулі мірныя жыхары, часта цэлымі сем’ямі, простыя калгаснікі, прадстаўнікі савецкай улады, дэпутаты, настаўнікі, міліцыянеры. Семдзесят пяць гадоў таму, 24 чэрвеня 1947 года, былі жорстка забіты маладыя настаўнікі Соф’я і Іосіф Камінскія. Нам цяжка ўявіць, што яны адчувалі ў той далёкі чэрвеньскі дзень. Перажыўшы ваеннае ліхалецце, дачакаўшыся вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў, яны хацелі жыць, удыхаць водар квітнеючых садоў, марылі аб вялікай школе, светлых прасторных касах. Але банда Алеха растаптала іх надзеі на мірнае і шчаслівае жыццё. Мы нізка схіляем галовы перад загінуўшымі ад рук бандытаў настаўнікамі. Яны будуць вечна жывыя ў нашай памяці. Няхай жа ніколі не паўторацца падобныя трагедыі! Няхай мір і згода вечна пануюць на нашай зямлі!
Помнік настаўнікам Камінскім збудаваны ў 1967 годзе. Дзякуючы намаганням дырэктара ААТ «Васілішкі» Антона Бурнаса нядаўна была акультурана найбліжэйшая да яго тэрыторыя.
— Неяк я аб’язджаў гаспадарскія палі і ўбачыў паблізу дарогі помнік настаўнікам Іосіфу і Соф’і Камінскім, — распавядае Антон Часлававіч. – Было прыкметна, што яму патрабуецца рэстаўрацыя. Звярнуўся з гэтай ідэяй у сельскую Раду, дзе мяне падтрымалі. Не адмовіў у дапамозе па добраўпарадкаванні і начальнік ДРБУ-161 Мечыслаў Стэльмашок. І ўсё гэта ў імя памяці аб нашых земляках, якія загінулі ад рук бандытаў. Мы ніколі не забудзем імёны герояў, якія аддалі сваё жыццё за свабоду і незалежнасць роднай Беларусі.
Удзельнікі жалобнага мітынгу ўсклалі кветкі да помніка Камінскім і адпусцілі ў неба папяровых галубоў, прымацаваных да паветраных шароў, як сімвал міру, дабра і кахання.
Аляксандр КАСПЕРЧУК.
Фота аўтара.