Аграрыі ААТ “Васілішкі” сабраліся разам на полі каля вёскі Стадаляны, каб пажадаць адзін аднаму ўдачы і асвяціць тэхніку перад чарговым этапам уборачнай кампаніі.
Традыцыйна жнеі сціснулі першы сноп дзедаўскім метадам. Услед за імі ў поле выйшлі камбайны. Сярод механізатараў як вопытныя, якія каля 40 гадоў прымаюць удзел ва ўборачнай, так і тыя, для якіх усё яшчэ ў навінку. Аграрыі аб’яднаны адной мэтай – убраць ураджай да апошняга зярнятка. Яны адчуваюць адказнасць: ад эфектыўнасці іх працы шмат у чым залежыць харчовая бяспека краіны.
– Плануем убраць 6800 гектараў збожжавых. Сярэдняя ўраджайнасць на першых убраных участках – каля 55 ц/га. У мінулым годзе мы атрымалі 32 тысячы тон збожжавых, сёлета плануем сабраць больш за 37 тысяч тон. Дарэчы, сёлета парадаваў ураджайнасцю азімы ячмень – 65,9 ц/га. Зернесушыльныя комплексы поўнасцю гатовы. На ўборцы задзейнічаны 24 камбайны і столькі ж механізатараў. На адвозцы збожжа ў гаспадарцы працуюць больш за 30 аўтамабіляў. Абноўлены тэхнічны парк. Новы камбайн “Палессе 1624” з дзевяціметровай жняяркай даверылі вопытнаму камбайнеру Дзмітрыю Тарасевічу. Усе нашы работнікі – на вагу золата незалежна ад стажу працы , – пракаментаваў дырэктар ААТ “Васілішкі” Антон Бурнас.