Агародзішча: 80 год пасля трагедыі. Сёння прайшоў жалобны мітынг на
месцы спаленай фашыстамі вёскі, якой больш не існуе на карце краіны
Хто ж не ведае на Шчучыншчыне пра гэту жудасную драму, калі падчас Вялікай Айчыннай вайны фашысты спалілі вёску Агародзішча і бязлітасна пазбавілі жыцця 147 мірных жыхароў? Дзень 26 лютага 1943 года быў сапраўды лютым. Раніцай каля 500 фашысцкіх карнікаў акружылі лясную вёсачку, прыкладамі і штыкамі загналі ўсіх у дом Мацвея Саковіча. Мужчын вывелі капаць вялікую яму, да якой па 10 чалавек прыводзілі вяскоўцаў і бязлітасна расстрэльвалі з аўтаматаў. Кулі даганялі і тых, хто спрабаваў уцячы. Для вернасці ў яму кінулі некалькі гранат. Пасля расправы няхітры пажытак сялян пагрузілі на вазы, а вёску спалілі. Сёння тут абеліск з чырвонай зоркай ды магілы з крыжамі.
80 гадоў мінула з тае пары. Але Беларусь не забывае.
Удзельнікі мітынгу ўсклалі да помніка вянкі і жывыя кветкі.
Таццяна СТУПАКЕВІЧ.
Фота аўтара.