Лепшыя работнікі ферм і комплексаў ААТ “Васілішкі” атрымалі ўзнагароды ў рамках акцыі “Наш жывёлавод”
На Шчучыншчыне завяршаецца рэспубліканская акцыя “Наш жывёлавод”. У рамках акцыі прадстаўнікі раённай арганізацыі прафсаюза работнікаў АПК наведваюць фермы і комплексы, каб падзякаваць за працу і адзначыць перадавых жывёлаводаў лістамі падзякі і грашовымі прэміямі.
Гэтым разам старшыня Шчучынскага райкама прафсаюза работнікаў аграпрамысловага комплексу Генрых Юрэвіч дзякаваў за працу і адзначаў падарункамі лепшых работнікаў ферм і комплексаў ААТ “Васілішкі”.
Таксама ў віншавальных мерапрыемствах прыняў удзел дырэктар ААТ “Васілішкі” Антон Бурнос, які адзначыў высокі прафесіяналізм сваіх падначаленых.
Акрамя віншаванняў і ўзнагарод Генрых Юрэвіч звярнуў увагу прысутных на правілы бяспекі на вытворчасці і азнаёміў прысутных са статыстыкай няшчасных выпадкаў ў сельгасарганізацыях Гродзенскай вобласці. Гэты выступ быў прымеркаваны да Адзінага дня прафілактыкі вытворчага траўматызму, які нядаўна прайшоў у нашым раёне.
– Ужо не першы год мы адзначаем лепшых жывёлаводаў у гаспадарках нашага раёна, – адзначае Генрых Іосіфавіч. – Безумоўна, у іх цяжкая прафесія, яна патрабуе вялікіх высілкаў кожны дзень, незалежна ад пары года. Людзям прыемна, што іхняя праца заўважаецца і ўзнагароджваецца. Акрамя таго, падчас сённяшняга мерапрыемства, была нададзена ўвага падрыхтоўцы да вясенне-палявых работ і ўмовам працы ў майстэрнях ААТ “Васілішкі”.
Створана Алег Шышлоўскі 31.03.2023 у 17:10