Ураджай у аранжавых танах. У ААТ “Васілішкі” завяршаюць уборку морквы
Галоўная> Ураджай у аранжавых танах. У ААТ “Васілішкі” завяршаюць уборку морквы
27.10.2023
Ураджай у аранжавых танах. У ААТ “Васілішкі” завяршаюць уборку морквы
Работы па ўборцы пладоў і агародніны ў ААТ "Васілішкі" ўпэўнена выходзяць на фінішную прамую. Завяршыўся яблычны сезон, практычна апусцелі палі, засаджаныя морквай. У гаспадарцы прыступілі да ўборкі капусты.
- У гэтым годзе морква займае 9 гектараў, - распавядае начальнік пладовага саду Пётр Лютастанскі. - Вырошчваем даўно правераны гібрыд "Маэстра". Яе ўраджайнасць аказалася значна ніжэйшай, чым у мінулыя гады. Звязана гэта з майскай засухай, якая негатыўна паўплывала на рост караняплода. Але тым не менш ужо накапалі морквы каля трохсот тон.
Значную дапамогу ААТ "Васілішкі" ва ўборцы морквы аказваюць работнікі СТАА "Клубніцы Плантс". Яны дружна выйшлі на маркоўныя палі і працуюць сумленна.
- Дапамагалі гаспадарцы прыбіраць не толькі моркву, але і буракі, і цыбулю, - распавядае палявод "Клубніцы Плантс" Валерыя Корнева. - Наступная на чарзе - капуста.
На ўборку морквы выязджалі і работнікі гаспадаркі з розных службаў: усе разумеюць, што ўбраць вырашчаны ўраджай трэба што б там ні было і без страт.
Убраная морква адпраўляецца на захоўванне на фруктасховішча. Перыядычна яна пастаўляецца для продажу ў фірмовую краму гаспадаркі ў Васілішках, а таксама ў гандлёвыя кропкі раёна. У якасці спонсарскай дапамогі моркву атрымліваюць установы адукацыі. Масавая рэалізацыя гэтага караняплода адбываецца ў сакавіку-красавіку.
- А вось капуста ў гэтым сезоне парадавала! - працягвае Пётр Станіслававіч. - І калібрам, і якасцю! Пад гэтай агароднінай занята плошча 10 гектараў. Мы ўжо на працягу некалькіх гадоў вырошчваем позні гібрыд "Старыдор" і задаволены вынікам. Капуста таксама будзе закладвацца на захоўванне і паступаць у продаж.
Прыбіраць з поля моцныя, як на падбор, качаны будуць усёй талакой.
- Ужо вызвалілася брыгада, задзейнічаная на ўборцы яблыкаў, - працягвае Пётр Станіслававіч. – Працуюць у гаспадарцы людзі і па дамове падраду: з першамайскай зоны, са Шчучына. Для ўсіх арганізаваны падвоз. Таму вырашчаны ўраджай прыбяром аператыўна, галоўнае, каб дазволілі ўмовы надвор'я.
…Выдатна папрацавалі васілішкаўскія аграрыі ў гэтым сезоне. А ўзнагародай за плённую працу стаў добры ўраджай.