ААТ Васілішкі - шматгаліновая гаспадарка, якая спецыялізуецца на вырошчванні збожжавых і зернебабовых культур, насення масленічных культур, бульбы, цукровых буракоў, кармавых культур, развядзенні свіней і малочнай буйной рагатай жывёлы, вырошчванні пладоў і гародніны.

231522, вул. Савецкая, 30, а.г. Васілішкі, Шчучынскі раён, Гродзенская вобласць

+375 (15) 147-93-07
+375 (15) 147-93-14 (факс)

Капуста ўрадзіла на радасць. У ААТ “Васілішкі” прыступілі да збору сёлетняга ўраджаю белакачаннай капусты

Капуста ўрадзіла на радасць. У ААТ “Васілішкі” прыступілі да збору сёлетняга ўраджаю белакачаннай капусты

Плошча вырошчвання капусты стандартная для гаспадаркі, як і летась, яна складае 10 гектараў. На пытанне аб якасці ўраджаю гэтага года начальнік пладовага саду ААТ “Васілішкі” Пётр Лютастанскі ўпэўнена адказвае, што капуста ўрадзіла і вялікую ролю ў гэтым адыграла добрае надвор’е.

– У нас атрымалася рана вырасціць і высадзіць расаду, правесці ўсе неабходныя тэхналагічныя мерапрыемствы. На старце капуснага сезона арандавалі палівачную машыну ў саўгасе “Вялікае Мажэйкава”. Дзякуючы гэтаму падчас высадкі расады мы змаглі забяспечыць добры ўзровень вільгаці. Расада добра прыжылася і хутка пачала расці. Сёлета не было доўгай засухі, таму і атрымалі выдатны ўраджай, – заўважыў Пётр Лютастанскі.

Ужо не першы год васілішкаўскія аграрыі аддаюць перавагу гатунку капусты “Старыдор”. Да яго плюсаў можна аднесці выраўненасць качана па памерах. У сярэднім адзін качан важыць 2,5 – 4 кілаграмы, такая маса абумоўлена лепшым попытам пры рэалізацыі. Аднак галоўнай вартасцю “Старыдора” з’яўляецца доўгае захоўванне, бо ў сховішчах капуста без праблем можа праляжаць да вясны.

Немалаважным пры ацэнцы качана з’яўляецца ягоны колер. Попытам карыстаецца капуста насычанага зялёнага колеру, прытым важна, каб гэты колер захоўваўся не толькі на верхніх лістах, але і ўнутраных. Гатунак “Старыдор” можа пахваліцца і такімі ўласцівасцямі.

Тэхналогія ўборкі капусты нязменная на працягу дзесяцігоддзяў. Спачатку звяно рэзчыкаў зразае качаны і кладзе іх на ліст у полі. Потым другое звяно загружае ўраджай на платформы з кантэйнерамі.

На ўборцы задзейнічана да 60 чалавек. Акрамя ўласных работнікаў, сёлета ААТ “Васілішкі” вялікую дапамогу аказваюць паляводы з суседняга прадпрыемства “Клубніка Плантс”. На працягу некалькіх сезонаў яны па дамове падраду дапамагалі гаспадарцы ўбіраць моркву і яблыкі, а сёлета ўпершыню задзейнічаны на ўборцы капусты.

Як адзначае Пётр Лютастанскі, у ААТ “Васілішкі” ўсур’ёз задумваюцца аб набыцці сучаснага капустаўборачнага камбайна:

– Мы надзвычай зацікаўленыя ў гэтым, бо людзей у сельскай мясцовасці становіцца з кожным годам усё менш, тым больш уборка капусты – гэта цяжкая фізічная праца, часта ў не самых спрыяльных умовах надвор’я. Акрамя таго, апошнімі гадамі ў ААТ “Васілішкі” назіраецца значны рост ураджайнасці гародніны, у тым ліку і капусты. Нам усё цяжэй становіцца знаходзіць работнікаў. Таму механізацыя – гэта ўжо не проста жаданне, а вострая неабходнасць. Ёсць розныя тэхналогіі збору капусты камбайнам. Элеватарнага, платформеннага тыпу. Ёсць камбайны, якія зразаюць качаны, выводзяць іх на спецыяльны транспарцёр, потым на стол для сартавання і далей на выгрузны стол, адкуль капуста трапляе ў кантэйнер. Менавіта агрэгат апошняга тыпу мы плануем купіць. Цяжка сказаць, калі ў нас атрымаецца набыць гэтую машыну, бо камбайн даволі дарагі, заходняй вытворчасці.

У гаспадарцы ўжо ёсць досвед механізацыі ўборкі морквы, якую сёлета ўбіралі новым камбайнам. Па выніку сезона машына паказала сябе з найлепшага боку і, па сутнасці, змагла замяніць сабой не менш за 70 чалавек. Гэта дазволіла задзейнічаць свабодныя рэсурсы на іншых сельскагаспадарчых работах.

Алег ШЫШЛОЎСКІ.
Фота аўтара.

Пакінуць адказ