Ліпеньскі парадак дня. Актуальныя пытанні абмеркавалі ўдзельнікі дня інфармавання на сустрэчы з працоўным калектывам свінагадоўчага комплексу “Зброжкі”

Аб развіцці суверэннай Беларусі і пытаннях бяспечнай жыццядзейнасці ішла размова ў чацвер падчас адзінага дня інфармавання на сустрэчы з працоўным калектывам свінагадоўчага комплексу “Зброжкі” ААТ “Васілішкі”.
Начальнік галоўнага ўпраўлення арганізацыйна-кадравай работы Гродзенскага аблвыканкама Валерый Клімовіч, інфармацыйная група на чале са старшынёй райвыканкама Аляксеем Садоўскім абмеркавалі тэму развіцця сучаснай Беларусі, якая прайшла вельмі складаны шлях ад аднаўлення народнай гаспадаркі ў пасляваенныя гады да заваявання космасу і атрымання



Выступаючы перад удзельнікамі мерапрыемства, Валерый Клімовіч адзначыў, што сёння, праз тры з невялікім дзясяткі гадоў, можна сказаць упэўнена – суверэнная і незалежная Рэспубліка Беларусь адбылася. Сваё абяцанне – адвесці краіну ад прорвы, дадзенае яшчэ падчас першых прэзідэнцкіх выбараў, Прэзідэнт краіны Аляксандр Лукашэнка стрымаў поўнасцю.
- Сучасная Беларусь – адна з нямногіх краін свету з поўнай харчовай бяспекай. Мы дасягнулі найбольш высокага ўзроўню самазабяспечанасці харчаваннем у ЕАЭС – 96 працэнтаў. Беларусь уваходзіць у лік сусветных лідэраў па экспарту прадуктаў харчавання. У краіне адзін з самых нізкіх узроўняў малазабяспечанасці (беднасці) насельніцтва, – падкрэсліў Валерый Клімовіч. — Беларусь займае вядучае месца ў свеце па вытворчасці вялікагрузных аўтамабіляў БелАЗ, па праве лічыцца аўтамабільнай краінай дзякуючы вытворчасці легкавых аўтамабіляў «Белджы». Сёння мы – касмічная дзяржава. Беларусь – адна з 50 дзяржаў, якія маюць уласныя касмічныя апараты. Яшчэ адным драйверам развіцця і гарантам энергетычнай бяспекі краіны стала БелАЭС.
Увага ўдзельнікаў сустрэчы была звернута на тое, што ў сферы аховы здароўя Беларусь займае адно з вядучых месц у свеце па даступнасці, якасці, тэхналагічнасці медыцынскіх паслуг для насельніцтва, кваліфікацыі беларускіх урачоў. На постсавецкай прасторы няма аналагаў такому маштабнаму тэхналагічнаму праекту, як ЗАТ “Беларуская нацыянальная біятэхналагічная карпарацыя”. Такіх карпарацый на планеце ўсяго чатыры. Развіццё біятэхналогій дэманструе прарыўныя адкрыцці і ў сферы аховы здароўя. Агульнавядомы факт: больш за палову лекаў у краіне – айчыннай вытворчасці. І іх доля расце. ІТ-сектар ператварыўся ў магутны драйвер эканомікі краіны, сферу стратэгічнага значэння. Дзякуючы пастаяннай падтрымцы Кіраўніка дзяржавы Парк высокіх тэхналогій стаў вядучым кластарам ІТ і высокіх тэхналогій ва Усходняй Еўропе і СНД.



У Беларусі рэалізуюць шэсць комплексных праектаў будучыні: “Нацыянальны электратранспарт”, “Біятэхналогіі ў аграпрамысловым комплексе”, “Дакладнае земляробства”, “Інавацыйная ахова здароўя”, “Біятэхналогіі для фармацэўтыкі”, “Разумныя гарады Беларусі”. Гэтыя праекты павінны стаць кропкамі росту эканомікі. Яны прадугледжваюць арганізацыю ўнікальных вытворчасцей з высокім эканамічным патэнцыялам, стварэнне і развіццё новых навуковых і інжынерных школ. Было адзначана, што ўжо сёння мы закладваем падмурак нашага заўтра, развіваем праекты, якія дазволяць быць моцнымі і паспяховымі ў свеце, які імкліва змяняецца. Тэхналагічныя прарывы, як умова нашага самазахавання, патрэбны ўжо не нам, яны патрэбны нашым дзецям.
У якасці дадатковых пытанняў разглядаліся тэмы прафілактыкі кіберзлачыннасці і злачынстваў, учыненых з выкарыстаннем інфармацыйна-камунікацыйных тэхналогій, прадухілення пажараў і іншых надзвычайных сітуацый.
Сяргей КАСПЕРЧУК.
Фота аўтара.













