На Шчучыншчыне ўзнагародзілі лепшых работнікаў, якія вызначыліся на нарыхтоўцы траў кармоў першага ўкосу, а таксама перадавікоў збожжаўборачнай кампаніі.

У самы разгар уборачнай кампаніі старшыня Гродзенскай абласной прафсаюзнай арганізацыі Беларускага прафсаюза работнікаў АПК Міхаіл Сіцько, прафсаюзны лідэр аграрыяў Генрых Юрэвіч і першы намеснік начальніка ўпраўлення сельскай гаспадаркі і харчавання райвыканкама Уладзімір Кухарчык наведалі гаспадаркі Шчучынскага раёна. Мэтай візіту стала асабістае віншаванне і ўзнагароджанне лепшых работнікаў, якія вызначыліся на нарыхтоўцы траў кармоў першага ўкосу, а таксама перадавікоў збожжаўборачнай кампаніі.
Далей дэлегацыя накіравалася ў ААТ “Васілішкі”. Тут Міхаіл Сіцько ўручыў дыплом механізатару Віктару Юшкевічу, які намалаціў сваю тысячу тон збожжа. Гэта знакавае дасягненне, якое падкрэслівае самаадданасць і майстэрства работніка. Дырэктар ААТ «Васілішкі» Антон Бурнос з гонарам адзначыў: «Кожны механізатар у нас – на вагу золата. Іх прафесіяналізм і адказнае стаўленне да справы – залог нашага поспеху. Мы стараемся забяспечыць усе ўмовы для эфектыўнай работы, бо ад якасці кармоў залежыць наша жывёлагадоўля».

Асаблівую ўвагу ўдзялілі і перадавікам раённага ўзроўню. Генрых Юрэвіч і Уладзімір Кухарчык уручылі дыпломы пераможцам раённага спаборніцтва за дасягненне найлепшых вынікаў на нарыхтоўцы кармоў з траў першага ўкосу. Сярод узнагароджаных – механізатары ААТ “Васілішкі” Юзэф Барташэвіч, Іван Рышкевіч і Андрэй Баўман.


Нягледзячы на прыродную сціпласць, уласцівую сапраўдным працаўнікам зямлі, у вачах кожнага ўзнагароджанага чытаўся непрыхаваны гонар за сваю працу. Прымаючы дыпломы і словы падзякі, многія з іх, спачатку крыху саромеючыся, усё ж адзначалі, што ім неверагодна прыемна такая ўвага з боку кіраўніцтва і прафсаюзаў. “Прыемна, калі тваю працу заўважаюць і цэняць”, – сказаў Андрэй Бауман. – “Гэта дае сілы працаваць яшчэ лепш”. Гэтыя простыя словы – лепшае пацвярджэнне важнасці такіх сустрэч і заахвочванняў.





Дыяна Кейка.
Фота аўтара.













