Шчучыншчына ўшаноўвае новых герояў працы: Маладыя кіроўцы ААТ «Васілішкі» Сяргей Кіслы і Зміцер Савіцкі сталі «тысячнікамі»

Сёння Шчучыншчына ўшаноўвае асаблівых герояў – першых «тысячнікаў» сярод маладых аграрыяў! Імі сталі вадзіцелі Сяргей Кіслы і Дзмітрый Савіцкі з ААТ “Васілішкі”, кожны з якіх перавёз па тысячы тон збожжа.
Павіншаваць маладых працаўнікоў у ААТ “Васілішкі” прыехалі начальнік аддзела ідэалагічнай работы і па справах моладзі райвыканкама Вераніка Дысько, першы сакратар РК ГА “БРСМ” Дзмітрый Чывіль і прафсаюзны лідэр аграрыяў Генрых Юрэвіч.


Атмасфера на сустрэчы была па-сапраўднаму ўрачыстай і цёплай. Вераніка Дысько, звяртаючыся да маладых герояў, не хавала гонару: «Менавіта такія хлопцы, як Сяргей і Зміцер, – сапраўдныя патрыёты сваёй зямлі. Яны не шукаюць лёгкіх шляхоў, а сваёй упартай працай ствараюць дабрабыт нашай краіны. Вы – прыклад для падрастаючага пакалення, гонар нашага раёна!»
Дзмітрый Чывіль ад імя БРСМ уручыў Сяргею Кісламу і Дзмітрыю Савіцкаму Граматы за дасягненне тысячнай мяжы. «Ваша праца – рэальны ўклад у харчовую бяспеку Беларусі, – падкрэсліў ён. – Праект БРСМ “Моладзь – за ўраджай” – наша шматгадовая ініцыятыва, і вы, хлопцы, сталі яго яркім увасабленнем! У знак прызнання вашай упартасці і адданасці справе, прыміце гэтыя сімвалічныя падарункі!»
Генрых Юрэвіч з асаблівай цеплынёй адзначыў Сяргея Кіслага, уручыўшы яму дыплом пераможцы ў раённым спаборніцтве на ўборцы збожжавых і зернебабовых культур. «Сяргей даказаў, што маладосць і прафесіяналізм – гэта магутная сіла! Яго перамога – гэта вынік любові да зямлі, да родных палёў. Прафсаюз заўсёды будзе падтрымліваць такіх працавітых людзей», – заявіў Генрых Юрэвіч.
Прыемным сюрпрызам для маладых вадзіцеляў сталі падарункі ад гаспадаркі. Намеснік дырэктара па ідэалагічнай рабоце ААТ “Васілішкі” Святлана Габіс уручыла ім фірмовыя футболкі і кепкі.
Асаблівая ўвага – Сяргею Кісламу. Гэты малады чалавек, які прыехаў тры гады таму ў Шчучынскі раён з Дзятлава па парадзе свайго сябра, таксама ўжо «тысячніка» Яўгена Васілька, знайшоў тут не толькі працу, але і сваё пакліканне, сваю сям’ю.
«Калі я ўпершыню прыехаў сюды, у Васілішкі, адразу адчуў – гэта маё, – дзеліцца Сяргей. – Тут неабсяжныя палі, магутная тэхніка, але галоўнае – людзі. Тут я сустрэў сваю жонку Аню, тут расце наш падгадаваны сын. Гэта мой дом, мая сям’я, мой лёс. Кожны каласок, кожная тона збожжа – гэта наш агульны ўклад у будучыню нашай Беларусі, у дабрабыт нашых дзяцей. Пачуццё, што ты маеш дачыненне да такой вялікай і важнай справы, напаўняе гонарам».


Побач з Сяргеем працуе Зміцер Савіцкі – сапраўдны ветэран «тысячнага» руху. Ён ужо шмат гадоў запар з’яўляецца рэкардсменам, нязменна ўдзельнічае ў абласных “Дажынках” і атрымлівае заслужаныя ўзнагароды з рук кіраўнікоў вобласці і рэспублікі. «Вядома, прыемна, калі тваю працу заўважаюць і адзначаюць, – кажа Зміцер. – Але галоўнае – гэта не ўзнагароды, а сам працэс. Спаборніцкі дух, імкненне быць лепшым, дасягаць новых вяршыняў – вось што падганяе мяне кожны дзень. І, канечне, разуменьне таго, што ад нашай працы залежыць дабрабыт усёй краіны».


У гэтым годзе шчучынская зямля па-сапраўднаму ганарыцца сваімі маладымі хлебаробамі! Дзесяць маладых камбайнераў і пятнаццаць маладых вадзіцеляў паказваюць сапраўдны клас. Іх агульны вынік уражвае: амаль 5 тысяч тон намалочанага зерня і каля 4 тысяч тон перавезенага ўраджаю. Гэта яскравы прыклад таго, як моладзь з энтузіязмам і майстэрствам працуе на карысць роднай зямлі.
Дыяна Кейка.
Фота аўтара.













