ААТ Васілішкі - шматгаліновая гаспадарка, якая спецыялізуецца на вырошчванні збожжавых і зернебабовых культур, насення масленічных культур, бульбы, цукровых буракоў, кармавых культур, развядзенні свіней і малочнай буйной рагатай жывёлы, вырошчванні пладоў і гародніны.

231522, вул. Савецкая, 30, а.г. Васілішкі, Шчучынскі раён, Гродзенская вобласць

+375 (15) 147-93-07
+375 (15) 147-93-14 (факс)

Аб завяршэнні асноўных работ у сельскагаспадарчай галіне, прафесійным свяце аграрыяў, правядзенні будаўнічых работ гаварылі на раённай планёрцы.

Аб завяршэнні асноўных работ у сельскагаспадарчай галіне, прафесійным свяце аграрыяў, правядзенні будаўнічых работ гаварылі на раённай планёрцы.

Паводле інфармацыі першага намесніка старшыні – начальніка ўпраўлення сельскай гаспадаркі і харчавання райвыканкама Ігара Аверкі, у сельскагаспадарчых арганізацыях раёна на 9 лістапада кукуруза на зерне ўбрана з 4289 гектараў, гэта 82 працэнты адведзенай для культуры плошчы. Намалочана 34549 тон кукурузнага збожжа пры сярэдняй ураджайнасці 80,6 ц/га. Нарыхтавана збожжа кукурузы метадам плюшчэння і драбнення 12639 тон. Цукровы бурак убраны з 91 працэнта плошчаў, ураджайнасць складае 572 ц/га. На цукровы камбінат вывезена 38,2 тыс. тон салодкага кораня, ці 53% ад задання.  

Скончыць уборку кукурузы і буракі, нарасціць тэмпы па ўздыме зябліва – гэтыя і іншыя задачы стаяць перад аграрыямі раёна. Таксама кіраўнік раёна Аляксей Садоўскі засяродзіў увагу на пастаноўцы на захоўванне тэхнікі, якая не выкарыстоўваецца, завяршэнні да 15 лістапада падрыхтоўкі жывёлагадоўчых аб’ектаў да работы ў зімова-стойлавы перыяд.

— Ужо зусім мала часу застаецца да прафесійнага свята работнікаў сельскагаспадарчай галіны, якое адзначаецца ў трэцюю нядзелю лістапада. Адзначыць уклад працаўнікоў палёў і ферм Шчучыншчыны ў харчовую бяспеку краіны трэба самым дастойным чынам, – сказаў старшыня райвыканкама.

У сферы будаўніцтва і жыллёва-камунальнай гаспадаркі абмяркоўваліся пытанні ўзвядзення і рамонту аб’ектаў. У цэнтры ўвагі кіраўніка раёна – завяршэнне капітальнага рамонту трох дамоў у раённым цэнтры. Шчучынскае РУП ЖКГ працягвае рамонт даху ў раённым цэнтры культуры і народнай творчасці, завершаны работы па ўладкаванні «астраўка бяспекі» на праезнай частцы па вуліцы Леніна. Старшыня райвыканкама паставіў задачу паскорыць работы па мадэрнізацыі і цеплавой рэабілітацыі фасадаў будынка Дома Саветаў, рамонце даху і фасадаў Муранскай царквы-крэпасці абароннага тыпу, добраўпарадкаванні вуліцы Мележа.

Аляксей Валянцінавіч падкрэсліў, што неабходна мяняць падыходы пры выкананні будаўнічых работ, якія павінны праводзіцца ў строгай адпаведнасці з графікам. Былі ў кіраўніка раёна прэтэнзіі і да арганізацыі вулічнага асвятлення ў горадзе. Усе агучаныя праблемы ўзяты на асабісты кантроль старшыні.

На планёрцы разгледзелі і шэраг іншых актуальных пытанняў: вакцынацыі ад грыпу жыхароў раёна, незавершанага будаўніцтва шэрагу аб’ектаў, выканання плана па нарыхтоўцы другасных матэрыяльных рэсурсаў, крымінагеннай сітуацыі і пажарнай бяспекі.

Сяргей КАСПЕРЧУК.