Аператар па штучным абнасеньванні свіней свінафермы “Сандыкаўшчызна” ААТ “Васілішкі” Марыя Акуловіч прызнана лепшай па прафесіі ў рэс публіцы
Аператар па штучнаму асемяненню свіней свінафермы “Сандыкаўшчызна” ААТ “Васілішкі” Марыя Акуловіч заняла першае месца на рэспубліканскім конкурсе прафмайстэрства і прызнана лепшай у рэспубліцы. Заслужаную ўзнагароду ёй уручыў міністр сельскай гаспадаркі і харчавання Беларусі Іван Крупко.
– Я вырасла ў звычайнай сельскай сям’і ў вёсцы Вялікае Сяло, – кажа перадавік вытворчасці. – Бацькі рана не стала, таму мы з двума старэйшымі братамі – Іванам і Іосіфам – дапамагалі маме ўтрымліваць гаспадарку, пакуль тая працавала на ферме даяркай. Даілі кароў, якіх у нас заўсёды было мінімум дзве, кармілі свіней і курэй. Скончыўшы школу, я падала дакументы ў гандлёва-кулінарнае вучылішча ў Гродне. Не таму, што хацела стаць прадаўцом, а каб хутчэй асвоіць прафесію і пачаць самастойна зарабляць грошы.
Пасля атрымання дыплома Марыя Акуловіч два гады адпрацавала па атрыманай спецыяльнасці ў абласным цэнтры. Магчыма, працавала б яшчэ, але на вяселлі старэйшага брата Івана ёй спадабаўся музыка, які вёў урачыстасць. Знаёмства хутка перарасло ў сапраўднае каханне, і маладая пара звязала сябе сувяззю шлюбу.
– Муж не толькі выдатна гуляў на акардэоне, але і працаваў у гаспадарцы токарам і матарыстам, – працягвае наша гераіня. – Я пераехала жыць да яго ў вёску Кронькі. Неўзабаве на свет з’явіліся сыны Антон і Павел. Выходзячы з дэкрэта, вырашыла пакінуць гандаль, бо адчувала, што гэта не маё, і падалася ў сельскую гаспадарку. Уладкавалася аператарам на свінагадоўчы комплекс “Зброжкі”. Сельгаспрадпрыемства нам выдзеліла жыллё, і мы ўсёй сям’ёй пераехалі ў Васілішкі.
Два гады Марыя Вацлаваўна глядзела за маленькімі парасятамі, пакуль ёй не прапанавалі асвоіць прафесію аператара па штучным абнасеньванні свіней. Яна пагадзілася, і вось ужо трыццаць гадоў клапоціцца аб тым, каб мацёры ў гаспадарцы прыносілі здаровы прыплод.
– Апошнія дзесяць гадоў працую на свінаферме “Сандыкаўшчызна”, дзе ўтрымоўваецца 5,5 тысячы свіней пароды ёркшыр і ландрас, – дзеліцца Марыя Акуловіч. – Толькі ў мінулым годзе займалася абнасеньваннем 2086 галоў. Эфектыўнасць апладнення дасягнула 92 працэнты пры ўстаноўленай норме 86 працэнтаў. Вядома, каб дабіцца такіх высокіх паказчыкаў, трэба быць вельмі ўважлівым і строга выконваць усе тэхналогіі. Калі рамонтным свінкам спаўняецца пяць месяцаў, іх адбіраюць у спецыяльныя секцыі. Ва ўзросце 7,5 месяца яны ўжо гатовы да абнасеньвання, і кожная праз 115 дзён пасля паспяховага пакрыцця здольная прынесці ад 12 да 18 парасят.
Свінаферма “Сандыкаўшчызна” ААТ “Васілішкі” – закрыты вытворчы аб’ект, куды можа патрапіць толькі яго абслуговы персанал. Усе работнікі ў абавязковым парадку праходзяць праз санпрапускнік, дзе ляжаць дэзінфікуючыя кілімкі. Затым прымаюць душ і пераапранаюцца ў спецвопратку, якую пасля працоўнай змены адпраўляюць у мыццё. Абедаюць тут жа: усіх занятых на свінаферме гаспадарка забяспечвае гарачым харчаваннем.
– Праца аператара па штучным абнасеньвання з’яўляецца ключавым звяном ва ўзнаўленні свіней, – падкрэслівае Марыя Вацлаваўна. – Менавіта я адказная за абнаўленне статка на ферме. Усе нашы свінкі – як з карцінкі. Вельмі ганаруся дасягнутымі высокімі вытворчымі паказчыкамі і заўсёды з асаблівым трапятаннем гляджу на нованароджаных парасят. Іх з’яўленне на свет кажа аб тым, што мая праца праведзена якасна.
Аляксандр КАСПЕРЧУК.
Фота аўтара.