Боль, які не сціхае праз пакаленні. Жалобны мітынг прайшоў у памяць аб нявінна загінуўшых жыхарах вёскі Зінякі
Кожны год 22 студзеня жыхары нашага раёна збіраюцца ў вёсцы Зінякі, каб аддаць даніну пашаны людзям, чые жыцці раптоўна абарваліся тут 80 гадоў таму. 22 студзеня 1944 года нацысцкія карнікі зажыва спалілі 419 зінякоўцаў і 65 жыхароў навакольных вёсак. Той прыклад нечалавечай жорсткасці і лютасці не можа даць нам спакою і праз 80 гадоў.
У гэты дзень да мемарыяла ў Зіняках прыехалі прадстаўнікі раённай улады, грамадскіх арганізацый, ветэраны і моладзь. Прыехалі для таго, каб захоўваць памяць аб тых жудасных падзеях, якія балюча адбіліся на шматлікіх пакаленнях нашага народа.
Жалобны мітынг пачаўся з тэатралізаванай харэаграфічнай кампазіцыі “Памяці нашай боль”. У цэнтры пастаноўкі апынуліся вясёлыя дзеці, якія бестурботна гулялі, смяяліся і марылі аб светлым будучым, якому, на жаль, не было наканавана збыцца. Смерць і чорныя клубы дыму паўсталі над іхнімі хаткамі. Нікога з прысутных не пакінуў абыякавым гэты сімвалічны ўступ… Як адзначыла рэжысёр кампазіцыі Наталля Лукіна, творы пра лёс спаленых вёсак кранаюць за душу, яны цяжка ўспрымаюцца, бо ствараюцца сэрцам. Удзел у кампазіцыі ўзялі хлопчыкі і дзяўчынкі з узорнай тэатральнай студыі “Звычайны цуд” пры Астрынскім ДКіТТ, а таксама выхаванцы Астрынскай дзіцячай школы мастацтваў.
– Дарагія землякі, паважаныя ўдзельнікі мітынгу, – звярнулася да прысутных намеснік старшыні Шчучынскага райвыканкама Таццяна Цюсіна. – Час няўмольна аддаляе ад нас тыя падзеі, якія пакінулі крывавы след на беларускай зямлі. Хатынь, Ола, Агародзішча, Зінякі і яшчэ больш за дзевяць тысяч вёсак, якія былі спалены фашысцкімі катамі праз нянавісць да нашага народа. 22 студзеня 1944 года ні ў чым не вінаватых мірных жыхароў, сярод якіх былі маленькія дзеці, зажыва спалілі. Немагчыма ўявіць гэта і ніколі немагчыма апраўдаць усю тую фашысцкую нечысць, якая ваявала супраць нашага народа. Сёння мы тут для таго, каб ушанаваць памяць загінулых. Бо гэта трэба ўжо не ім, а нам. Маладыя людзі, усё ў вашых руках, будучыня краіны ў вашых руках. З пакалення ў пакаленне расказвайце сваім унукам аб гэтай трагедыі. Калі мы забудзем гэтыя страшныя падзеі гісторыі, яны могуць паўтарыцца. Не дапусціце гэтага. Памятайце і шануйце тых, хто таксама хацеў жыць, хацеў сям’ю, дзяцей, але, на жаль, іх ужо няма. Памятайце, бо гэта трэба нам, жывым.
Прысутныя ўшанавалі памяць загінулых вяскоўцаў хвілінай маўчання. Настаяцель Спаса-Праабражэнскай царквы ў Астрыне протаіерэй Алексій Талмазан правёў малебен па нявінна забітых. Пасля ўдзельнікі жалобнага мітынга ўсклалі кветкі і вянкі да скульптуры жанчыны з дзіцём на руках.
Алег ШЫШЛОЎСКІ.
Фота аўтара.