БРСМ заахвочвае маладых перадавікоў уборачнай кампаніі
Уборачная кампанія нясецца на поўных абаротах. У палях плячом да пляча з вопытнымі аграрыямі працуе моладзь, якая добра ведае цану хлебу і ганарыцца тым, што ўносіць свой уклад у рэспубліканскі каравай. Беларускі рэспубліканскі саюз моладзі працягвае акцыю “Моладзь – за ўраджай!”. Першы сакратар РК БРСМ Віталя Селівончык павіншавала лідэраў жніва проста ў полі. На гэты раз узнагароды прымалі аграрыі ААТ “Васілішкі”.
Малады камбайнер Андрэй Варабей на жніве шосты раз. Працуе на старэнькім “Палессі”, але нягледзячы на гэта, у ліку лідэраў раёна: упэўнена перасягнуў тысячны рубеж.
– У Беларусі можна зарабіць, калі ёсць жаданне. А што за мяжой? Тут усё сваё, роднае, усё для жыцця. Уцякаць з гаспадаркі нікуды не планую. У полі цяжка, але пакуль малады, можна працаваць. Ды і заробак добры, грэх скардзіцца. Чым старэйшы камбайн, тым большая расцэнка за тону збожжа, таму па выніках уборачнай планую зарабіць 5-6 тысяч рублёў. Марнаваць грошы ёсць куды. За дзень да Новага года зрабіў сабе падарунак – купіў дом. Цяпер хацелася б пагасіць крэдыт і пачаць рамонт, – прызнаецца Андрэй.
– Ці так лёгка даюцца гэтыя 5-6 тысяч рублёў? – пытаю.
– Праца на камбайне вымотвае. Пад вечар ужо ніякі. А паглядзіце, якія ў мяне рукі – усё ў ранках, бо чыстку і рамонт камбайна ніхто не адмяняў. Але ў любой працы свая спецыфіка. Мне падабаецца тое, чым я займаюся. У наступным годзе абяцаюць новы камбайн, буду старацца апраўдаць давер.
Не адстае ад працавітага калегі і камбайнер Алег Сіманчык , які таксама адным з першых у раёне намалаціў больш за тысячу тон збожжа.
– На ўборачнай нялёгка, бо паднімаешся ў шэсць раніцы, а дадому часам вяртаешся ў 11 вечара. А тамака чакаюць жонка і двое дзяцей. Яны спаць не кладуцца, пакуль не прыйду. Паказаў дзецям, што такое ўборачная, пракаціў на камбайне, уражанняў хапіла. Хоць працаваць у сельскай гаспадарцы і складана, але ў горад не хачу, тут падабаецца, – прызнаецца Алег.
Пакуль камбайнеры на беларускіх караблях бравурна плывуць па залатым полі з каласоў, іх цярпліва чакаюць вадзіцелі. Усяго 20 хвілін – і бункер поўны.
Кіроўца Зміцер Савіцкі добра ведае, колькі важыць колас. Ён ужо перавёз каля дзвюх тысяч тон збожжа. Асаблівых цяжкасцей у рабоце не бачыць. Гаворыць, складаней за ўсё чакаць. Яго заробак напрамую залежыць ад старанняў камбайнераў. За ўборачную хлопец плануе атрымаць каля 2 тысяч рублёў.
– Мы заўсёды падтрымліваем нашу ініцыятыўную моладзь. Для таго, каб адзначыць працу маладых камбайнераў, аграномаў і вадзіцеляў, з пачатку ліпеня Беларускі рэспубліканскі саюз моладзі рэалізуе праект “Моладзь – за ўраджай!”. Яго мэта – павышэнне прадукцыйнасці працы маладых працаўнікоў вёскі, занятых на ўборцы ўраджаю, заахвочванне іх працоўнай ініцыятывы, папулярызацыя сельскагаспадарчай працы і прафесій аграрнага профілю. У рамках праекта арганізаваны спаборніцтвы сярод маладзёжных уборачных экіпажаў і маладых вадзіцеляў, занятых на адвозцы збожжа пры ўборцы збожжавых і зернебабовых культур. Ва ўзнагароду – грамата, сертыфікат на 50 рублёў і салодкі падарунак. Наша ўвага лішнім не будзе! – адзначае першы сакратар РК БРСМ Віталя Селівончык.
Аграрыі былі прыемна здзіўлены візітам лідэра моладзі Шчучыншчыны. Пад хэштэгамі #молодежзаурожай, #жатвабеларуси2022, #роднаенароднае ў Instagram можна знайсці самыя яркія і запамінальныя фота ўшаноўвання лепшых маладых вадзіцеляў і камбайнераў. Здымкі людзей, якія працуюць на балазе сваёй краіны, адназначна заслугоўваюць вашай увагі і лайкаў!