Будзе новае жыллё. Даведаліся, як у Васілішках праходзіць рэканструкцыя былога дзіцячага садка пад шматкватэрны дом
У Васілішках поўным ходам ідзе рэканструкцыя былога дзіцячага садка пад дванаццацікватэрны дом. Працы на аб’екце плануецца завяршыць у чэрвені гэтага года.
На сёння цалкам выкананы дэмантажныя работы і ўсталяванне перагародак, завяршаецца рамонт даху будынка.
Зараз тэмпы прац на аб’екце зніжаны. Гэта звязана з тым, што будынак былога дзіцячага садка амаль дзесяць гадоў не выкарыстоўваўся. Адпаведна ўся канструкцыя дома адсырэла. Для таго каб пачаць унутранае аздабленне будынка, яго трэба спачатку прасушыць. Для гэтага на аб’екце будуць усталяваны спецыяльныя пушкі для падагрэву паветра і апараты для паглынання вільгаці. Такім чынам за сакавік плануецца прывесці аб’ект у належны для працягу рэканструкцыі стан. Таму было прынята рашэнне, што непасрэднае аздабленне кватэр пачнецца ў красавіку.
Дакладней пра рэканструкцыю расказаў дырэктар ДП “Упраўленне капітальнага будаўніцтва Шчучынскага раёна” Сяргей Барысевіч:
– Хочацца зрабіць добры аб’ект, каб у жыхароў гэтага дома не было праблем і яны мелі прыгожыя кватэры. Тым больш, што заказчык – ААТ “Васілішкі” – будзе выкарыстоўваць гэты дом у якасці жытла для маладых спецыялістаў. Прадугледжана маштабнае добраўпарадкаванне пад’ездаў і дваравой тэрыторыі, якая будзе выкладзена пліткай. Таксама ў гэтым доме запланавана электрычнае ацяпленне: у кожнай кватэры будуць стаяць электрычныя каларыферы. Таму для дома не трэба будзе праводзіць асобную цеплатрасу, дастаткова толькі ўсталяваць трансфарматарную падстанцыю. Гэта першы праект з такім ацяпленнем у нашым раёне.
Алег ШЫШЛОЎСКІ.
Фота аўтара.