ААТ Васілішкі - шматгаліновая гаспадарка, якая спецыялізуецца на вырошчванні збожжавых і зернебабовых культур, насення масленічных культур, бульбы, цукровых буракоў, кармавых культур, развядзенні свіней і малочнай буйной рагатай жывёлы, вырошчванні пладоў і гародніны.

231522, вул. Савецкая, 30, а.г. Васілішкі, Шчучынскі раён, Гродзенская вобласць

+375 (15) 147-93-07
+375 (15) 147-93-14 (факс)

Дэлегацыя Ніжагародскай вобласці наведала адну з вядучых гаспадарак раёна – ААТ “Васілішкі” і азнаёмілася з перадавым вопытам у сферы АПК.

Дэлегацыя Ніжагародскай вобласці наведала адну з вядучых гаспадарак раёна – ААТ “Васілішкі” і азнаёмілася з перадавым вопытам у сферы АПК.

Візіт дэлегацыі з Ніжагародскай вобласці ў Шчучынскім раёне працягваецца. У рамках насычанай праграмы госці наведалі адну з вядучых гаспадарак раёна – ААТ “Васілішкі”, каб асабіста азнаёміцца з перадавым вопытам у сферы АПК.

Як падкрэсліў кіраўнік гаспадаркі, Антон Бурнас, ААТ “Васілішкі” – гэта шматгаліновае прадпрыемства, якое паспяхова спалучае раслінаводства і жывёлагадоўлю. Тут вырошчваюць збожжавыя і зернебабовыя культуры, масленічныя культуры, бульбу, цукровыя буракі, кармавыя культуры, займаюцца развядзеннем свіней і малочнай буйной рагатай жывёлы. Акрамя таго, прадпрыемства развівае садоўніцтва і агародніцтва, дэманструючы комплексны падыход да вядзення сельскай гаспадаркі.

Дырэктар асабіста правёў для гасцей экскурсію па вытворчых аб’ектах, дэманструючы сучасныя тэхналогіі і падыходы да вядзення сельскай гаспадаркі, укаранёныя ў гаспадарцы. Першым пунктам маршруту сталі рамонтныя майстэрні ў вёсцы Гурнафель, дзе ўдзельнікі дэлегацыі ацанілі высокі ўзровень аснашчанасці і арганізацыі абслугоўвання сельскагаспадарчай тэхнікі. Асаблівую ўвагу прыцягнулі камфортныя ўмовы для работнікаў: душавыя, пакой прыёму ежы, а таксама сучасны такарны цэх і зварачнае аддзяленне, дзе кіпела праца. У кабінеце ІТР ажыццяўляўся бесперапынны маніторынг стану тэхнікі, што забяспечвае яе бесперабойную працу.

Далей дэлегацыя азнаёмілася з поўным цыклам пасляўборачнай апрацоўкі збожжа на сучасным зернесушыльным комплексе ў вёсцы Касцянева. Асаблівую цікавасць выклікала інавацыйная лінія адціскання рапсу, якая дазваляе атрымліваць высакаякасны алей маркі “П” і каштоўную макуху ў кормавытворчасці.

Сваімі ўражаннямі пасля наведвання вытворчых аб’ектаў падзялілася Алена Якаўлева, рэктар ФДБОУ «Ніжагародскі рэгіянальны інстытут кіравання і эканомікі аграпрамысловага комплексу: «Я ўражана стаўленнем кіраўніцтва да калектыву і да сваёй справы. Тут адчуваецца сапраўдны клопат аб людзях – гэта відаць па ўмовах працы, па чысціні і парадку на тэрыторыі. Прадпрыемства робіць уражанне месца, дзе хочацца працаваць, дзе створаны ўсе ўмовы для эфектыўнай і камфортнай дзейнасці. Нас вельмі натхняе такі падыход”.

Акрамя вытворчых аб’ектаў, госці ацанілі добраўпарадкаванне аграгарадка Васілішкі, агледзеўшы аб’екты сацыяльнай інфраструктуры, якія ствараюць камфортныя ўмовы для жыцця і работы вяскоўцаў.

Важным момантам візіту стаў удзел дэлегацыі ў акцыі “Свечка памяці”. Госці ўсклалі кветкі да мемарыяла і ўшанавалі хвілінай маўчання подзвіг тых, хто абараніў мір і волю. Гэты кранальны момант стаў сімвалам агульнай гісторыі і непарушнага сяброўства народаў Беларусі і Расіі.

Дэлегацыю з Ніжагародскай вобласці на васілішкаўскай зямлі сустрэлі з традыцыйнай беларускай гасціннасцю. Гасцей віталі Алена Пасюта, старшыня Гродзенскага абласнога Савета дэпутатаў, а таксама кіраўніцтва Шчучынскага раёна на чале са старшынёй райвыканкама Алекеем Садоўскім.

Завяршыўся дзень працай секцыі “Аграпрамысловы комплекс” у Васілішкаўскім цэнтры культуры. З прывітальным словам выступілі: кіраўнік Заканадаўчага сходу Ніжагародскай вобласці РФ Яўген Люлін і Алена Пасюта. Яны пажадалі ўдзельнікам плённай працы, новых ідэй і перспектыўных рашэнняў для развіцця аграпрамысловага комплексу.

Мадэратары Ігар Аверка, першы намеснік старшыні райвыканкама і Антон Бурнас, дырэктар ААТ «Васілішкі», дэпутат Шчучынскага раённага, Васілішкаўскага сельскага Рады дэпутатаў, кандыдат сельскагаспадарчых навук, дацэнт, падалі ўдзельнікам магчымасць для адкрытага і канструктыўнага дыялогу. З дакладамі аб сваёй рабоце, дасягненнях і перспектывах выступілі прадпрыемствы і арганізацыі Шчучынскага раёна, а потым сваім вопытам падзяліліся прадстаўнікі Ніжагародскай вобласці.

Другі дзень візіту прайшоў прадуктыўна, а наперадзе – новыя сустрэчы і магчымасці для ўмацавання супрацоўніцтва!

Надзея Богдан.
Фота аўтара.