ААТ Васілішкі - шматгаліновая гаспадарка, якая спецыялізуецца на вырошчванні збожжавых і зернебабовых культур, насення масленічных культур, бульбы, цукровых буракоў, кармавых культур, развядзенні свіней і малочнай буйной рагатай жывёлы, вырошчванні пладоў і гародніны.

231522, вул. Савецкая, 30, а.г. Васілішкі, Шчучынскі раён, Гродзенская вобласць

+375 (15) 147-93-07
+375 (15) 147-93-14 (факс)

Кармоў будзе ўдосталь. Першы ўкос траў у ААТ “Васілішкі” набліжаецца да завяршэння

Кармоў будзе ўдосталь. Першы ўкос траў у ААТ “Васілішкі” набліжаецца да завяршэння

На Шчучыншчыне падыходзіць да завяршэння першы ўкос траў. Аграрыі старанна ўбіраюць зялёную масу, каб забяспечыць жывёлу якаснымі кармамі на наступны год.

Пытанне нарыхтоўкі кармоў з’яўляецца асабліва важным для ААТ “Васілішкі”, дзе пагалоўе буйной рагатай жывёлы складае каля 18 тысяч, з якіх 5,4 тысячы – каровы. Па гэтым паказчыку гаспадарка з’яўляецца лідарам у Шчучынскім раёне.

Сёлета васілішкаўскія аграрыі плануюць нарыхтаваць 65000 сенажу, 73000 тон сіласу з кукурузай і 2200 тон сена. Як адзначыў начальнік вытворчасці раслінаводчай прадукцыі ААТ “Васілішкі” Іван Кімашэўскі, першы ўкос завяршаецца, таму можна падвесці некаторыя прамежкавыя вынікі нарыхтоўкі кармоў.

– Травы з першага ўкосу крыху горшыя, чым летась, – заўважыў Іван Кімашэўскі. – Вельмі хутка ў нас пачнецца падкормка траў другога ўкосу. Зараз ідуць дажджы, таму думаю, што другі ўкос будзе не горшы за першы. Увогуле з першага ўкосу мы плануем закласці каля 35000 тон сенажу, план павінны выканаць з лішкам.

Актыўная ўборка мнагалетніх траў зараз ідзе на полі каля вёскі Хадзілоні. Тэхніка не прастойвае, а аграрыі імкнуцца спаўна выкарыстаць кожны пагодлівы дзень. Сярод іх механізатар Андрэй Баўман, які кіруе кормаўборачным камбайнам JAGUAR.

– На кормаўборачным камбайне працую з 2017 года, – расказвае Андрэй. – Да гэтага шмат на якой тэхніцы працаваў. Акрамя таго, сёлета буду трэці сезон убіраць хлеб на камбайне “Палессе GS12A1”. Мяне радуе, што я прыношу карысць гаспадарцы і раблю ўнёсак і ў корманарыхтоўку, і ўборку збожжавых. Праца падабаецца, бо створаны прыемныя ўмовы. Рабочы дзень пачынаецца з шасці гадзін, спачатку трэба абслужыць касілку, дзесьці падтачыць нажы, штосьці падмазаць ці разабрацца з якой-небудзь паломкай. З васьмі гадзін ужо працую ў полі. Рабочы дзень завяршаецца ў залежнасці ад вытворчых задач. Бывае, працуем да дзевяці і дзесяці гадзін вечара. Сям’я не крыўдуе, бо разумее, што раблю важную справу. Ды і заробак годны, харчаванне ў полі выдатнае, на працу і з працы падвозяць, таму тут хочацца працаваць.

З поля каля Хадзілоняў зялёную масу перавозяць МАЗамі на МТК “Кронькі”, дзе закладваюцца сянажныя траншэі. Іх фарміруюць пагрузчыкі, на адным з якіх працуе механізатар Яўгеній Комар.

– У гаспадарцы працую з 1990 года. У асноўным задзейнічаны на пагрузках, нарыхтоўцы кармоў. Зараз нарыхтоўваем сянажную масу на наступны год. Усяго на МТК “Кронькі” знаходзіцца 15 траншэй, у кожную можна закласці па 1600-1700 тон сенажу. Працую на пагрузчыку Lonking кітайскай вытворчасці. Тэхніка добрая, ужо паспела сябе зарэкамендаваць з лепшага боку. У нас добрая гаспадарка, таму працуецца камфортна, няма на што скардзіцца.

Алег ШЫШЛОЎСКІ.
Фота аўтара.

Пакінуць адказ