ААТ Васілішкі - шматгаліновая гаспадарка, якая спецыялізуецца на вырошчванні збожжавых і зернебабовых культур, насення масленічных культур, бульбы, цукровых буракоў, кармавых культур, развядзенні свіней і малочнай буйной рагатай жывёлы, вырошчванні пладоў і гародніны.

231522, вул. Савецкая, 30, а.г. Васілішкі, Шчучынскі раён, Гродзенская вобласць

+375 (15) 147-93-07
+375 (15) 147-93-14 (факс)

Курс на супрацоўніцтва: у Шчучыне прайшла традыцыйная сустрэча кіраўніцтва раёна з маладымі спецыялістамі

Курс на супрацоўніцтва: у Шчучыне прайшла традыцыйная сустрэча кіраўніцтва раёна з маладымі спецыялістамі

Кожны год у маладых спецыялістаў Шчучыншчыны з’яўляецца ўнікальная магчымасць паразмаўляць з кіраўніцтвам раёна, даведацца аб напрамках развіцця нашага рэгіёну, задаць любое пытанне старшыні Шчучынскага райвыканкама. Не стаў выключэннем і сёлетні год. У мерапрыемстве пад сімвалічнай назвай “Навагодні мост пакаленняў” прынялі ўдзел маладыя спецыялісты з усіх сфер.

Урачыстую частку адкрыў першы сакратар Шчучынскага РК ГА «БРСМ» Зміцер Чывіль. Пасля выканання дзяржаўнага гімна ўдзельнікаў віталі намеснік старшыні Шчучынскага райвыканкама Таццяна Цюсіна, начальнік аддзела арганізацыйна-кадравай работы райвыканкама Алена Куканава, начальнік аддзела ідэалагічнай работы і па справах моладзі райвыканкама Вераніка Дысько і начальнік аддзела адукацыі рай.

У ролі вядучых выступілі актывісты раёна Наталля Сямашка, Яўген Запаснік, Лізавета Нядзвецкая і Данііл Болдак.

Цэнтральным элементам мерапрыемства стала міні-інтэрв’ю вядучых з ганаровымі гасцямі. Моладзь задавала вострыя і актуальныя пытанні: аб першым працоўным дні, аб тым, што трэба сучасным талентам для рэалізацыі ў раёне, аб крыніцах натхнення ў працы і самых амбіцыйных, але рэалістычных планах на будучы год. Кіраўнікі падзяліліся сваім бачаннем развіцця тэрыторыі, урокамі мінулага года і нават паразважалі аб тым, якой “суперсілай” яны надзялілі б маладых спецыялістаў для паспяховага развіцця роднага краю.

У фармаце жывых зносін з кіраўніком раёна Аляксеем Садоўскім абмеркавалі ідэі па стварэнні новых турыстычных аб’ектаў, добраўпарадкаванні паркаў, набярэжнай і з’яўленні сучасных маладзёжных прастор. Такія сустрэчы даюць магчымасць моладзі зразумець, што кіраўніцтва раёна заўсёды адчынена для новых ідэй, ініцыятыў і цікавых прапаноў.

— Мы вельмі рады гэтай сустрэчы. Тое, што вы аказаліся ў нашым раёне, для нас вельмі важна. Цяпер наша задача зрабіць так, каб вы замацаваліся на сваіх працоўных месцах, каб вашыя прафесійныя планы і мары рэалізаваліся, – сказаў Аляксей Валянцінавіч. — Таксама важна, каб вы не пазбягалі адказнасці і смела ставілі перад сабой мэты, бо адсутнасць мэт – гэта самае страшнае. У дадатак да гэтага мы будзем паэтапна ўкараняць розныя сацыяльныя праекты для жыхароў Шчучына, каб палепшыць якасць іх жыцця і стварыць новыя магчымасці.

Выдатнай ідэяй стала сумеснае ўпрыгожванне навагодняй ялінкі. Цацкі для лясной прыгажуні падрыхтавалі самі маладыя спецыялісты, а Аляксей Валянцінавіч устанавіў верхавіну, як сімвал імкнення да лепшага. Лясная прыгажуня ўміг азарылася святочнай гірляндай. Вось так кожны з прысутных унёс свой уклад у маленькую, але важную справу.

Цягам дня маладыя спецыялісты, наведваючы арганізацыі і прадпрыемствы раёна, здымалі кароткія відэаролікі і публікавалі іх у сацыяльных сетках. Лепшыя работы былі прадэманстраваны ў зале і ацэнены журы. Пераможцы атрымалі заслужаныя сертыфікаты ад раённага камітэта ГА “БРСМ”.

Напрыканцы мерапрыемства моладзь шчыра павіншавала Аляксея Валянцінавіча з надыходзячымі святамі, пажадаўшы здароўя, сямейнага шчасця і працвітання Шчучынскаму раёну, і ўручыла памятны падарунак.

– Няхай і далей наша моладзь радуе сваімі поспехамі і дасягненнямі, матывацыяй застацца жыць і працаваць на нашай любімай Шчучынскай зямлі, – такімі словамі вядучыя завяршылі сустрэчу.

“Навагодні мост пакаленняў” зноў даказаў: дыялог паміж вопытнымі кіраўнікамі і энергічнай, крэатыўнай моладдзю, гатовай увасабляць свае ідэі ў жыццё, – лепшая аснова для дынамічнага развіцця Шчучыншчыны.

Вікторыя ШЫЛКО.
Фота аўтара.