Людзі – галоўны скарб. На Шчучыншчыне адзначылі Дзень работнікаў сельскай гаспадаркі і перапрацоўчай прамысловасці АПК
Адданасць абранай справе, высокае майстэрства і, вядома, любоў да роднай зямлі. Усе гэтыя якасці ўласцівы тым, хто з вялікай самааддачай працуе ў палях і на фермах, у цэхах і на вытворчасці. Для людзей працы напярэдадні прафесійнага свята – Дня работнікаў сельскай гаспадаркі і перапрацоўчай прамысловасці АПК – у раённым цэнтры культуры гучалі словы віншаванняў, добрыя пажаданні, а самым перадавым уручылі ўзнагароды.
Адкрылася свята работнікаў сельскай гаспадаркі і перапрацоўчай прамысловасці тэатралізаваным пралогам. Першае слова на ўрачыстасці — старшыні Шчучынскага раённага выканаўчага камітэта Аляксею Садоўскаму.
– Сярод мноства святаў у нашай краіне адным з самых знакавых быў і застаецца Дзень работнікаў сельскай гаспадаркі і перапрацоўчай прамысловасці, – адзначыў кіраўнік раёна.– Сёлетні год для аграрыяў склаўся спрыяльна. Вы ў чарговы раз даказалі, што здольны добрасумленна працаваць і дасягаць высокіх вынікаў. Дзякуй вам за беражлівыя адносіны да прыродных багаццяў нашай Беларусі, вернасць традыцыям самаадданага служэння на карысць сваёй краіны. Менавіта гэтыя якасці дазволілі нам у бягучым годзе ўвайсці ў тройку лепшых на абласных спаборніцтвах па ўборцы ўраджаю збожжавых і зернебабовых культур, у вытворчасці жывёлагадоўчай прадукцыі і нарыхтоўцы травяных кармоў. Мы стварылі надзейны стабілізацыйны фонд, падрыхтавалі кармавую базу для жывёлагадоўлі і сыравінную – для перапрацоўчай прамысловасці. Удасканальваем тэхналагічныя працэсы, што дазваляе павялічваць прадукцыйнасць працы. Перакананы, што з дапамогай падтрымкі дзяржавы аграпрамысловы комплекс Шчучыншчыны будзе і ў далейшым развівацца, убіраючы ў сябе ўсё самае лепшае і перадавое. Дзякую за стараннасць і руплівае стаўленне да роднай зямлі. Жадаю ўсім здароўя, міру, дастатку ў сем’ях, спрыяльнага надвор’я, шчодрых ураджаяў і далейшых поспехаў у працы.

Свае віншаванні і найлепшыя пажаданні ўдзельнікам урачыстага мерапрыемства выказала старшыня Гродзенскага абласнога Савета дэпутатаў Алена Пасюта.

Са святам шчучынцаў таксама павіншаваў і ўручыў заслужаныя ўзнагароды намеснік старшыні, выканаўчы дырэктар Гродзенскага абласнога аграпрамысловага саюза Алег Нарэйка.



Затым лепшыя працаўнікі палёў і ферм, перапрацоўчых прадпрыемстваў атрымалі з рук старшыні райвыканкама Аляксея Садоўскага і старшыні раённага Савета дэпутатаў Ганны Хвядзюк заслужаныя ўзнагароды.

Сергей Касперчук













