Наш жывёлавод заўсёды ў пашане
Старшыня Шчучынскага райкама прафсаюза работнікаў АПК Генрых Юрэвіч заехаў у ААТ “Васілішкі”, каб у рамках рэспубліканскай акцыі ўшанаваць перадавых жывёлаводаў, якія бездакорна выконваюць свае прафесійныя абавязкі.
Генрых Іосіфавіч наведаў малочнатаварную ферму “Вялікае Сяло” і ўручыў Падзячнае пісьмо і грашовую прэмію брыгадзіру гэтага вытворчага аб’екта Але Рымко.
– Я амаль 40 гадоў працую ў жывёлагадоўлі, – зазначае Ала Мікалаеўна. – На нашай ферме ўтрымліваецца 200 кароў, і гэты статак абслугоўваюць 13 работнікаў. Ад кожнай рагулі ў сярэднім мы атрымліваем 19,5 літра малака ў суткі. Штодзённа здаём на перапрацоўку 3,6 тоны малака 100% сортам экстра. Гэта на 400 літраў болей, чым летась. Тлустасць малака складае 3,96% – даволі высокі паказчык, улічваючы, што наша ферма самая ўзроставая ў гаспадарцы.
За высокі прафесіяналізм і добрасумленную працу Падзячным пісьмом была адзначана і жывёлавод малочнатаварнага комплексу “Васілішкі” Жанна Малмыга.
– Я даглядаю маленькіх цялятак з дня іх нараджэння і да 3-4 месяцаў, – гаворыць Жанна Яўгеньеўна. – Трэба быць вельмі ўважлівай і строга вытрымліваць тэхналогіі, бо ад гэтага залежыць здароўе жывёлы. На працы знаходжуся амаль увесь светлавы дзень. Своечасова развожу малако па індывідуальных доміках, дзе ўтрымліваецца маладняк. Калі перадаю цялушак і бычкоў на дарошчванне, яны важаць не менш за 100 кілаграмаў.
Вызначыўся працай і слесар МТК “Галавічполе” Сяргей Каласоўскі.
– Я сачу за бесперабойнай работай даільнага абсталявання, – дзеліцца Сяргей Іванавіч. – Пасля кожнай дойкі абавязкова прамываю сістэму спецыяльнымі прэпаратамі, каб знішчыць мікробаў. Цёплае малако трапляе па трубаправодзе ў халадзільную ёмістасць, дзе ахалоджваецца з 34 да 5-8 градусаў. Штодзень здаём на перапрацоўку 17,5 тоны малака 100% сортам экстра пры тлустасці 4%. Сярэднясутачны ўдой на нашым комплексе на карову складае 23 літры малака.
У той дзень у рамках рэспубліканскай акцыі “Наш жывёлавод” старшыня Шчучынскага райкама прафсаюза работнікаў АПК Генрых Юрэвіч уручыў заслужаныя ўзнагароды Рэгіне Лісоўскай, Галіне Гой, Іосіфу Бальцюкевічу, Таццяне Арцюх і другім перадавым жывёлаводам ААТ “Васілішкі”.
Аляксандр КАСПЯРЧУК.
Фота аўтара.