ААТ Васілішкі - шматгаліновая гаспадарка, якая спецыялізуецца на вырошчванні збожжавых і зернебабовых культур, насення масленічных культур, бульбы, цукровых буракоў, кармавых культур, развядзенні свіней і малочнай буйной рагатай жывёлы, вырошчванні пладоў і гародніны.

231522, вул. Савецкая, 30, а.г. Васілішкі, Шчучынскі раён, Гродзенская вобласць

+375 (15) 147-93-07
+375 (15) 147-93-14 (факс)

Незабыўнае свята для кожнага. У Шчучыне адсвяткавалі “Дажынкі”

Незабыўнае свята для кожнага. У Шчучыне адсвяткавалі “Дажынкі”

«Дажынкі», якія азначаюць канец жніва, на Шчучыншчыне звычайна адзначаюцца з размахам. І сёлета значнасць і каштоўнасць атрыманага хлеба аб'яднала ўвесь раён, ад камбайнера і агранома да кіраўніка раёна і ганаровых гасцей. Свята стала сапраўды народным: па ўпрыгожаных вуліцах гулялі людзі, вакол гучала музыка ў выкананні шчучынскіх і лідскіх музыкантаў, а гандлёвыя рады былі перапоўнены таварамі на любы густ, у тым ліку хлебабулачнымі вырабамі.

Афіцыйнаму адкрыццю фестывалю папярэднічала шэсце перадавікоў сельскагаспадарчых арганізацый ад Палаца творчасці дзяцей і моладзі да галоўнай плошчы, дзе і праходзіла ўрачыстасць. Тут жа была арганізавана і выстава сельскагаспадарчай тэхнікі, якая працавала ў тым ліку і на жніве. Прадэгуставаць прадукцыю прадпрыемстваў раёна і набыць тавары «Гарады майстроў» можна было не адыходзячы далёка ад цэнтра свята. Дзевяць гаспадарак раёна прадставілі на адзнаку шчучынцаў і гасцей свае кулінарныя вынаходствы.

У ААТ «Васілішкі», якое славіцца сваёй гароднінай і садавінай, таксама ёсць чым парадаваць наведвальнікаў. Тут і сакавітыя гатункі яблыкаў, якія так і вабяць сваім наліўным выглядам, і ў меру салодкі сок. Аформілі і крэатыўную тэматычную зону - запар зеляніна ды кветкі. За гэты, уласна, падворак і атрымаў прыз як самы прыгожы, на думку гараджан.

У такі важны для жыхароў рэгіёну дзень на свяце быў прадстаўлены дэпутацкі корпус усіх узроўняў: радасць урачыстасці раздзялілі з жыхарамі горада і раёна дэпутат Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь Павел Міхалюк, старшыня Гродзенскага абласнога Савета дэпутатаў Алена Пасюта.
 
Прынялі ўдзел у свяце і былыя кіраўнікі раёна: Ганаровы грамадзянін горада Шчучына Сяргей Ушкевіч, Іван Сакалоўскі і Аляксандр Васько.

Усіх, хто ўнёс значны ўклад у паспяховае завяршэнне жніва, павіншаваў і старшыня райвыканкама Аляксей Садоўскі:
 
- Напярэдадні Дня народнага адзінства нас аб'ядналі важныя для Шчучыншчыны даты: 506-годдзе горада і 61-ы год з дня прысваення яму статуса горада. Дзень горада - свята многіх пакалення шчучынцаў - тых, чыёй працай горад зменьваўся, хто будаваў яго паспяховую будучыню і тых, каму яшчэ трэба будзе пераняць эстафету адказнасці за лёс сваёй малой Радзімы. Закладам новых перамог служаць працавітасць, душэўная шчодрасць, энергічнасць і мэтанакіраванасць землякоў. Наш раён з гонарам можна назваць сельскагаспадарчым. Менавіта таму мы прымеркавалі раённыя “Дажынкі” да такіх знакавых для Шчучына дат. Словы вялікай падзякі хачу выказаць усім працаўнікам аграрнага комплексу Шчучыншчыны за штодзённую карпатлівую працу.

Алена Пасюта, Павел Міхалюк, Аляксей Садоўскі і старшыня раённага Савета дэпутатаў Ганна Хведзюк уручылі ўзнагароды аграрыям. У прыватнасці, абласнымі ўзнагародамі адзначаны ветэраны працы Мечыслаў Стэльмашок, Мікалай Бекіш і Віктар Паўлюкевіч. Ганаровай граматай раённага Савета дэпутатаў узнагароджаны Валерый Жагунь, Дзмітрый Іодчык, Інга Зубрыцкая і Ян Васько. Ганаровай граматай райвыканкама - Аляксандр Мілінкевіч, Уладзімір Пацук, Анатоль Снапко, Мікалай Гардзейчык, Сяргей Каляда, Юрый Мар'янскі, Валерый Трусіла, Дзмітрый Субач, Аляксандр Бурдзей і Віталь Нюнько.

Як паведаміў у час свята першы намеснік старшыні райвыканкама-начальнік упраўлення сельскай гаспадаркі і харчавання Ігар Аверка, ураджайнасцю збожжавых у гэтым годзе аграрыі задаволены - яна складае 56,3 ц/га. Намалочана 115 тысяч тон збожжа каласавых і 462 тоны кукурузы. «Пацешылі і ўраджаі іншых культур. У рэгіёне вырасцілі 500 тон цукровых буракоў, 2164 тоны бульбы. У раёне нарыхтавана 19,9 цэнтнера кармавых адзінак травяных кармоў на ўмоўную галаву жывёлы. Гэта стварае задзел на паспяховае развіццё жывёлагадоўлі ў наступным годзе», - дадаў Ігар Аверка.


Па выніках раённага спаборніцтва на ўборцы ўраджаю збожжавых і зернебабовых культур вызначаны наступныя пераможцы: трэцяе месца дасталася калектыву ААТ "Васілішкі" (дырэктар Антон Бурнас), другое месца - СПУ "Пратасаўшчына" (Віктар Сямёнавіч). У лідэрах - працоўны калектыў ААТ «Дэмбрава» на чале з дырэктарам Аляксандрам Туля. Ганаровымі граматамі, Падзякамі і грашовымі прэміямі ў той дзень адзначаны дзясяткі работнікаў гаспадарак, у тым ліку і маладыя спецыялісты.

Граматамі РС РГА "Белая Русь" узнагароджаны дырэктар ААТ "Шчучынапрадукт" Вольга Патапчык, дырэктар КСУП "Саўгас "Вялікае Мажэйкава" Генадзь Каляда, брыгадзір філіяла СПУ "Пратасаўшчына" ВРУП "Гроднааблгаз" Іван Жывушка і інспектар.


Працавітых і адданых сваёй справе хлебаробаў музычнымі нумарамі парадавалі выканаўцы Шчучынскага РЦКіНТ, групы «Правакацыя». А горад-юбіляр Ліда паднёс Шчучыншчыне падарунак - канцэрт-віншаванне творчых калектываў Лідскага цэнтра культуры і народнай творчасці.


Шчучынец, ветэран афганскай вайны, падпалкоўнік запасу Віктар Ляшчанка ўжо каторы год не прапускае раённыя «Дажынкі». І на гэты раз ён прыйшоў, і не адзін - з унукам Мікітам.
 
– Арганізацыя, настрой людзей, музыка – усё на вышыні! - не стрымлівае ён эмоцый. - Вельмі было прыемна глядзець на герояў дня - нашых хлебаробаў, іх блізкіх. Гэтыя святы - Дзень народнага адзінства, Дзень горада і "Дажынкі" - вельмі дарагія нам. Атмасфера сапраўды феерычная і незабыўная!
 
Дыяна Кейка.
Фота аўтара.