Першага трохтысячніка на айчынным камбайне ўшаноўвалі ў Гродзенскай вобласці
Шосты сезон у полі працуе механізатар Дзмітрый Тарасевіч. Гэты год для мужчыны атрымаўся самым удалым. “Да гэтага я працаваў на КЗС-1218, цяпер атрымаў КЗС-1624. Вельмі задаволены, тэхніка ўдасканаленая: матор, жняярка, унутры камфортна. Усё спрыяе таму, каб працаваць і дасягаць вынікаў”, – кажа Зміцер Тарасевіч.
Камбайнер, дарэчы, галоўны рэкардсмен не толькі ў ААТ “Васілішкі”, але і ў цэлым у раёне. І раўняцца, кажа ён, ёсць на каго. Бацькі ўсё жыццё прапрацавалі ў сельскай гаспадарцы. Бацька таксама быў задзейнічаны на жніве. Адтуль цяга і любоў да працы. “З чацвёртага класа на камбайне з бацькам. Для мяне гэта ўсё роднае. Нягледзячы на тое, што 12 гадоў прапрацаваў у сферы будаўніцтва, усё роўна вярнуўся сюды. У родныя мясціны і ў прынцыпе ў сельскую гаспадарку. Калектыў тут добры. Кожны імкнецца выканаць сваю працу добра. А тэхніка дазваляе гэта рабіць”, – падзяліўся Дзмітрый Тарасевіч.
Дарэчы, у Шчучынскім раёне 70 працэнтаў тэхнікі – вытворчасці “Гомсельмаш”. “Мы бачым, што гэтая тэхніка не саступае імпартным аналагам. Гэта бачна і па выніку намалоту Дзмітрыя Тарасевіча, гэта лепшы вынік у раёне. У цэлым у раёне ўборка праведзена на плошчы 85% ад плана. Да выхадных плануем поўнасцю завяршыць уборку. Узялі стотысячную мяжу. па намалоце збожжа. 57,4 ц/га – сярэдняя ўраджайнасць. Гэта плюс 13-14 ц/га да ўзроўню мінулага года. Таму будзем са збожжам”, – расказаў першы намеснік старшыні Шчучынскага райвыканкама Ігар Аверка.
Літаральна на наступным тыдні ў Шчучынскі раён паступіць адзін камбайн КЗС-2124. Яшчэ адна адзінка прыбудзе да ўборкі кукурузы, гэта КЗС-1218, які паступіць на ўзбраенне ААТ “Васілішкі”. Усяго ж сёлета ў Гродзенскую вобласць пастаўлена 26 збожжаўборачных камбайнаў “Гомсельмаш”, якія прымаюць удзел у жніве.
“Наша тэхніка карыстаецца попытам, яна папулярная як у Беларусі, так і за яе межамі. Тэхніка “Гомсельмаш” даступная, простая ў абслугоўванні, ёсць запас запчастак для аднаўлення. Кожны год мы мадэрнізуем тэхніку і робім яе ўсё лепшай і лепшай”, – расказаў начальнік упраўлення рэкламы і паказу тэхнікі цэнтра маркетынгу і рэкламы ААТ “Гомсельмаш” Мікалай Собаль, які сёння павіншаваў чарговага тысячніка прама ў полі.
“У Гродзенскай вобласці гэта першы трохтысячнік, у Мінскай – учора віншавалі з пяццю тысячамі намалоту. У Віцебскай вобласці таксама ўчора віншавалі двухтысячніка. Вынік нас задавальняе. Будзем падчас “Дажынак” яшчэ віншаваць лепшых і ўручаць яшчэ больш каштоўныя падарункі. Так, “Гомсельмаш” “арганізаваў спаборніцтвы сярод тых механізатараў, якія працуюць на тэхніцы нашай вытворчасці. Гэтыя механізатары паказваюць патэнцыял прадукцыйнасці тэхнікі. І работнікі “Гомсельмаш” дзякуюць працаўнікам вёскі за гэтыя паказчыкі”, – дадаў Мікалай Собаль.
Прадстаўнікі прадпрыемства гавораць, а аграрыі пацвярджаюць: беларуская тэхніка за апошнія гады зведала шэраг канструктарскіх дапрацовак, удасканаліліся яе тэхнічныя характарыстыкі. Важная і даступнасць запчастак, і сэрвіснае абслугоўванне, якое забяспечана ў кругласутачным рэжыме. Хаця рамонт з’ява рэдкая. На жніве ў краіне задзейнічана больш як 7 тыс. збожжаўборачных камбайнаў “Гомсельмаш”. Сёлета парк машын працаўнікоў сяла папоўнілі больш за 300 адзінак новай тэхнікі: каля 240 збожжаўборачных камбайнаў і прыкладна 60 кормаўборачных.