Прадстаўнікі ААТ “Васілішкі” адзначаны дзяржаўнымі ўзнагародамі за высокі прафесіяналізм і значны ўклад у развіццё сельскай гаспадаркі.

Напярэдадні Дня работнікаў сельскай гаспадаркі і перапрацоўчай прамысловасці па ўсёй краіне ўшаноўвалі найлепшых спецыялістаў аграрнай галіны. Больш за 100 работнікаў аграпрамысловага комплексу Беларусі ўдастоены дзяржаўных узнагарод і Падзякі Прэзідэнта, у іх ліку – трое прадстаўнікоў ААТ “Васілішкі”.
За шматгадовую плённую працу, высокі прафесіяналізм, значны асабісты ўклад у развіццё аграпрамысловага комплексу і дасягненне высокіх вытворчых паказчыкаў галоўны заатэхнік-селекцыянер па свінагадоўлі Тэрэса Навіцкая і трактарыст-машыніст Дзмітрый Тарасевіч былі ўзнагароджаны медалямі «За працоўныя заслугі. Памятным нагрудным знакам “30 год Кіраўніцтву справамі Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь” была адзначана начальнік фермы №3 свінагадоўчага комплексу “Зброжкі” Марына Стасюкевіч. Гэтыя ўзнагароды – прызнанне высокага прафесіяналізму і адданасці сваёй справе лепшых супрацоўнікаў прадпрыемства.

Цырымонія ўзнагароджання Тэрэсы Навіцкай прайшла 11 лістапада ў Палацы Незалежнасці. Заслужаную ўзнагароду ёй асабіста ўручыў Кіраўнік дзяржавы Аляксандр Лукашэнка.
- Гэта быў вельмі хвалюючы момант, – прызнаецца Тэрэса Антонаўна. – Я адчула не толькі радасць, але і вялікую адказнасць. Гэты дзень назаўжды застанецца ў маёй памяці, бо атрымаць узнагароду з рук Прэзідэнта – асаблівы гонар. Для мяне яна – не проста асабістае дасягненне, а прызнанне працы ўсяго нашага калектыву.

Тэрэса Антонаўна сапраўдны прыклад вернасці сваёй малой радзіме. Родам з Васілішак, яна прысвяціла роднай гаспадарцы 36 гадоў жыцця. Шлях у прафесію быў усвядомлены. Пасля заканчэння Гродзенскага сельскагаспадарчага інстытута ў 1989 годзе прыйшла працаваць у гаспадарку, а з 2007 года займае пасаду галоўнага заатэхніка-селекцыянера па свінагадоўлі. За гэтыя гады яна ўнесла неацэнны ўклад у развіццё жывёлагадоўлі і паляпшэнне племянных якасцей свіней. Для калег Тэрэса Антонаўна не толькі высакакласны спецыяліст, але і чалавек справы, чыё слова ніколі не разыходзіцца з дзеяннямі.
Сярод тых, чыя шматгадовая праца адзначана на дзяржаўным узроўні – адказны работнік, вопытны механізатар Дзмітрый Тарасевіч. Ён заўсёды дабіваецца высокіх паказчыкаў у працы, выконваючы даручаную справу прафесійна і з душой, штогод дасягае высокіх паказчыкаў на ўборцы ўраджаю, узворванні палёў і іншых палявых работах. Як адзначае сам механізатар, у сельскай гаспадарцы любую працу трэба выконваць сумленна – па-іншаму нельга.

Любоў да зямлі ў Дзмітрыя Тарасевіча закладзена з дзяцінства. Вырас ён у вёсцы Бакшты, дзе даводзілася з ранніх гадоў дапамагаць бацькам па гаспадарцы. Яго працоўная біяграфія пачалася ў мясцовым калгасе “Іскра”, і нягледзячы на розныя жыццёвыя абставіны, ён вярнуўся ў сельскую гаспадарку. У 2015 годзе Дзмітрый Казіміравіч прыйшоў у ААТ «Васілішкі», дзе і працуе дагэтуль, паказваючы прыклад добрасумленнага стаўлення да справы.
- Для мяне дзяржаўная ўзнагарода стала вялікай нечаканасцю. Калі паведамілі, я спачатку нават не паверыў, – падзяліўся ўражаннямі Зміцер Тарасевіч. – Атрымліваў узнагароду з рук Кіраўніка спраў Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь Юрыя Назарава і ў той момант адчуваў вялікі гонар. Вельмі рады, што нашую працу заўважылі і высока ацанілі.

Таксама 13 лістапада ў канцэртнай залі “Мінск” сваю ўзнагароду атрымала Марына Стасюкевіч. Ёй уручыў яе першы намеснік Кіраўніка спраў Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь Мікалай Шкрэд. У Марыны Іосіфаўны адзін запіс у працоўнай кніжцы – 34 гады яна працуе ў ААТ «Васілішкі». Скончыўшы Ваўкавыскі сельскагаспадарчы тэхнікум, яна з 1991 года працуе ў гаспадарцы, займаючы розныя пасады. Апошнія тры гады з’яўляецца начальнікам фермы №3 свінагадоўчага комплексу “Зброжкі” – самай буйной у гаспадарцы, дзе налічваецца каля 29 тысяч галоў свіней, а ў падпарадкаванні ў Марыны Іосіфаўны амаль 60 чалавек. Менавіта яе адказны падыход да справы і ўвага да дэталяў дазваляюць дабівацца высокіх вынікаў.
- Праца на ферме патрабуе поўнай самааддачы, але калі бачыш вынік, разумееш, што ўсё не дарма. Вельмі прыемна, што нашую штодзённую працу шануюць на такім узроўні, – падзялілася Марына Іосіфаўна. – Мая ўзнагарода – гэта вынік зладжанай працы ўсяго калектыву і пісьменнага кіраўніцтва гаспадаркай.
Адданасць роднай зямлі і гатоўнасць аддавацца працы без астатку – гэтыя якасці, уласцівыя Тэрэсе Навіцкай, Дзмітрыю Тарасевічу і Марыне Стасюкевіч, заслугоўваюць самага высока прызнання. Такія людзі – сапраўдны гонар васілішкаўскай зямлі і ўсяго Шчучынскага раёна!
Надзея Богдан.
Фота Сяргея КАСПЕРЧУКА.













