Сяўба называе сваіх герояў. На Шчучыншчыне падвялі вынікі раённага спаборніцтва за дасягненне найлепшых вынікаў на вясенне-палявых работах
Штогод на Шчучыншчыне праводзіцца раённае спаборніцтва за дасягненне найлепшых вынікаў на вясенне-палявых работах. Сёлета па яго выніках былі вызначаны пяць лепшых механізатараў, якія своечасова і якасна правялі вясеннюю сяўбу.
Узнагароды пераможцам спаборніцтва ўручылі першы намеснік начальніка ўпраўлення сельскай гаспадаркі і харчавання райвыканкама Іна Кучура і старшыня райкама прафсаюза работнікаў АПК Генрых Юрэвіч.
– Кожнаму чалавеку прыемна атрымліваць падзяку за сваю працу, – адзначае прафсаюзны лідар аграрыяў Генрых Юрэвіч. – Калі гутарыш з людзьмі, то разумееш, наколькі ім важна нават не прэмія ці дыплом, а прызнанне. Удзел у падобных спаборніцтвах натхняе на лепшую працу, а дыплом, які застанецца ў пераможцаў, стане добрым успамінам.
Ажно тры пераможцы раённага спаборніцтва вызначыліся ў ААТ “Васілішкі”. Узнагароды і віншаванні ад Генрыха Юрэвіча, Іны Кучуры і дырэктара Антона Бурноса прымалі механізатары Уладзімір Паўлюкевіч, Юзэф Барташэвіч і Павел Дагліс. Акрамя таго, абсалютным пераможцам у намінацыі “Сяўба ранніх яравых, збожжавых і зернебабовых культур” стаў Уладзімір Паўлюкевіч, які сёлета вясной засеяў гэтымі культурамі 472 гектары. Уладзімір працуе на трактары, якому ўжо больш за 19 гадоў. Нягледзячы на салідны ўзрост, тэхніка ўсё яшчэ дазваляе эфектыўна працаваць і ставіць рэкорды. Зараз машына на невялікім рамонце, але ў хуткім часе выйдзе на лінію.
– У гаспадарцы працую 25 гадоў, – дзеліцца Уладзімір Паўлюкевіч.– Прыемна быць пераможцам раённага спаборніцтва, такія конкурсы дадаткова стымулююць на дасягненне высокіх вынікаў. Таксама радуе, што праца добра аплачваецца і шануецца.
Алег ШЫШЛОЎСКІ.
Фота аўтара.