З 28 па 30 чэрвеня ў адным з самых маляўнічых куткоў шчучынскага краю, ва ўрочышчы Шчанец, было сапраўды горача ад напалу эмоцый. Тут праходзіў традыцыйны раённы маладзёжны турыстычны злёт сярод арганізацый, прадпрыемстваў і ўстаноў раёна. Мерапрыемства было прысвечана 80-годдзю вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў. Спартыўныя і творчыя баталіі не толькі дапамаглі выявіць найлепшых, але і згуртавалі ўдзельнікаў турзлёту.
Выпрабаваць свае сілы ў спартыўным спрыце, турысцкіх навыках і творчасці сёлета вырашыліся сем каманд. Па сігнале пачынаецца пастраенне. У пачатку цырымоніі традыцыйна выконваецца Дзяржаўны гімн Рэспублікі Беларусь. У час адкрыцця мерапрыемства ўдзельнікаў турыстычнага злёту прывітала начальнік аддзела ідэалагічнай работы і па справах моладзі райвыканкама Вераніка Дысько, якая выказала ўпэўненасць у тым, што раённы турыстычны злёт, які стаў ужо добрай традыцыяй, з кожным годам будзе збіраць вакол агульнага вогнішча ўсё больш удзельнікаў.
- Я рада вітаць вас на нашым турыстычным злёце! Сёння вас аб'яднала тут пачуццё адзінства, любві да нашай роднай беларускай зямлі, здаровага ладу жыцця і спорту. Спадзяюся, вы ўсё зможаце праявіць сваю смеласць, спрыт, спрыт, абавязкова пасябраваць і выдатна праведзяце разам гэты час. І, як вядзецца, на турзлёце павінен перамагчы наймацнейшы. Жадаю сказаць, што кожная каманда-удзельнік вартая заняць гэтае месца. Таму жадаю вам удачы, пазітыву, запалу.
Пасля адкрыцця злёту каманды чакала першае выпрабаванне - турыстычная паласа перашкод. Удзельнікі ставілі на час палатку, праходзілі па нацягнутай вяроўцы і бервяне, скакалі па купінах, пераадольвалі буралом, праслізгвалі праз пастку і тунэль. Хутчэй за ўсіх паласу перашкод пераадолелі спартсмены ААТ «Шчучынаграпрадукт». На другім месцы размясцілася каманда РУП ЖКГ, на трэцім - Гродзенскага занальнага інстытута раслінаводства.
Відовішчна і пры гарачай падтрымцы балельшчыкаў спаборнічалі валейбольныя дружыны. Найбольш умела з мячом абыходзіліся спартсмены РУП ЖКГ. Крыху саступілі камунальнікам валейбалісты ААТ «Шчучынаграпрадукт» і Гродзенскага занальнага інстытута раслінаводства. Асілы спаборнічалі ва ўзняцці 24-кілаграмовай гіры. У гэтым не было роўных прадстаўніку каманды ААТ "Васілішкі". У «Конкурсе капітанаў» волаты пры дапамозе гімнастычных шароў спрабавалі выштурхаць адзін аднаго за межы круга. Кожны паядынак заканчваўся бурнымі апладысментамі. Самым устойлівым аказаўся спартовец ТАА «Праймілк».
У агульным заліку каманда Шчучынскага РУП ЖКГ стала пераможцам турыстычнага злёту. Другое і трэцяе месца занялі адпаведна каманды ААТ "Шчучынаграпрадукт" і ААТ "Васілішкі". Пераможцы і прызёры атрымалі заслужаныя ўзнагароды і падарункі.
- Турзлёт прайшоў на пазітыўнай, добрай ноце, відаць, што камандам падабаецца разнастайная праграма відаў спаборніцтваў, і добра, што ўмовы надвор'я дазволілі ўсім весела і з карысцю правесці час», - адзначыла прадстаўнік судзейскай каманды Анастасія Міхалоўская. - Такія мерапрыемствы - гэта выдатная нагода перазагрузіцца, пагутарыць з калегамі ў непрацоўнай абстаноўцы. А гэта ўсё як нельга лепш садзейнічае згуртаванню моладзі як у спартыўных спаборніцтвах, так і ў працоўнай дзейнасці.