ААТ Васілішкі - шматгаліновая гаспадарка, якая спецыялізуецца на вырошчванні збожжавых і зернебабовых культур, насення масленічных культур, бульбы, цукровых буракоў, кармавых культур, развядзенні свіней і малочнай буйной рагатай жывёлы, вырошчванні пладоў і гародніны.

231522, вул. Савецкая, 30, а.г. Васілішкі, Шчучынскі раён, Гродзенская вобласць

+375 (15) 147-93-07
+375 (15) 147-93-14 (факс)

У ААТ “Васілішкі” актыўна ўбіраюць ураджай цыбулі

У ААТ “Васілішкі” актыўна ўбіраюць ураджай цыбулі

Поўным ходам ідзе ўборка цыбулі ў ААТ “Васілішкі”. Сёлета склаліся ідэальныя ўмовы для гэтай культуры: ранняя сяўба, высокая сярэднесезонная тэмпература і своечасовы паліў зрабілі сваю справу. Таму ў гаспадарцы выдатны ўраджай цыбулі.

ААТ “Васілішкі” – адзіная ў Шчучынскім раёне гаспадарка, якая вырошчвае цыбулю. Нават у маштабе нашай вобласці культура не самая папулярная. Гэта звязана з высокімі выдаткамі і вялікім працэнтам ручной працы пры зборы ўраджаю. Выхад адзін – набыццё сучасных сельскагаспадарчых машын, якія павялічваюць эфектыўнасць уборкі, што ў выніку дае рост рэнтабельнасці культуры. У ААТ “Васілішкі” аптымізацыя працэсаў у прыярытэце. Набываюцца новыя агрэгаты, што скарачае долю выкарыстання ручной працы.

– Пад цыбулю ў гэтым годзе ў нас адведзена 10 гектараў, – адзначае начальнік пладовага саду ААТ “Васілішкі” Пётр Лютастанскі. – Сярэдняя ўраджайнасць складае каля 55 тон з гектара. Гэта выдатныя лічбы, магчыма, найлепшая ўраджайнасць гэтай культуры ў гісторыі гаспадаркі. Вырошчваннем цыбулі займаемся больш за 10 гадоў, адпаведна маем асаблівы давер да некаторых гібрыдаў. Але разам з тым кожны год стараемся дадаткова паспрабаваць новыя гатункі цыбулі, каб знайсці тыя, якія падыходзяць для нас. Сёлета атрымалася набыць па выгаднай цане галандскі гібрыд “Алонса”, які з’яўляецца адным з найлепшых на рынку.

Ключавым крытэрыем пры выбары гібрыдаў Пётр Лютастанскі называе лёжкасць. Ад таго, наколькі доўга цыбуля можа захоўвацца, залежыць кошт, па якім яе рэалізуюць. Другі па важнасці крытэрый – ураджайнасць.

Цыбулю ААТ “Васілішкі” рэалізуе папулярным гандлёвым сеткам, таксама прадае праз уласныя фірмовыя крамы. Акрамя ўнутранага рынку гародніна рэалізуецца на экспарт. Вядома, асноўны пакупнік – Расія, таксама беларуская цыбуля карыстаецца попытам у сербаў і палякаў.

Перад уборкай на полі з цыбуляй працуе садовая касілка, якая скошвае бацвінне і пустазелле. Потым выворвацель выкопвае гародніну, пасля чаго яна тыдзень высыхае. Уборка цыбулі ажыццяўляецца з дапамогай камбайна, на якім працуюць чатыры чалавекі. Яны сартуюць цыбуліны, адкідваючы каменне. Потым цыбуля адвозіцца на сховішча, дзе праходзіць канчатковы этап сартавання на механізаванай лініі.

Сёлета камбайнам на ўборцы цыбулі кіруе механізатар Вікенцій Арлукевіч. Для яго гэта 17 сельскагаспадарчы сезон.


– Праца падабаецца, – расказвае Вікенцій. – Добра разумею, што знаходжуся на сваім месцы, дзе прыношу карысць роднай зямлі. На прафесійны выбар паўплываў бацька. Ён таксама быў механізатарам, часта браў мяне, малога, на працу. Гэта стала своеасаблівай школай жыцця, якая спатрэбілася ў будучым.

Па словах Пятра Лютастанскага, у ААТ “Васілішкі” сёлета чакаюць і добры ўраджай капусты, яе ўборка пачнецца прыкладна праз месяц. А вось моркву плануюць убіраць ужо на наступным тыдні. Гэтая культура сёлета таксама добра ўрадзіла. Уборка морквы сёлета будзе аптымізавана, бо мясцовыя аграрыі чакаюць пастаўку новага ўборачнага камбайна. Мяркуецца, што агрэгат акупіцца праз некалькі гадоў.

Алег ШЫШЛОЎСКІ.

Фота аўтара.

Пакінуць адказ