У Шчучынскім раёне ўшаноўвалі камбайнераў-тысячнікаў
Галоўная> У Шчучынскім раёне ўшаноўвалі камбайнераў-тысячнікаў
04.08.2023
У Шчучынскім раёне ўшаноўвалі камбайнераў-тысячнікаў
У сельгаспрадпрыемствах Шчучынскага раёна працягваецца ўшаноўванне механізатараў, якія намалацілі больш за 1 тысячу тон збожжа, і вадзіцеляў, занятых на перавозцы. Старшыня райкама прафсаюза работнікаў АПК Генрых Юрэвіч пабываў у ААТ "Васілішкі", дзе ўручыў лідэрам жніва заслужаныя ўзнагароды.
Сімвалічная мяжа на жніве ў тысячу тон збожжа ў ААТ «Васілішкі» пераадолеў камбайнер Яўген Васілька.
Генрых Юрэвіч падзякаваў перадавікам за выніковую працу, пажадаў далейшых працоўных поспехаў, моцнага здароўя, сямейнага дабрабыту, выказаў надзею, што не за гарамі і новыя дасягненні і ўручыў дыпломы і грашовыя прэміі.
Камбайнеры сышліся на думцы, што самае галоўнае ў рабоце на ўборачнай - адказны падыход на кожным з этапаў. "Для мяне гэта трэці сезон. На нас ляжыць вялікая адказнасць. А таму трэба працаваць і яшчэ раз працаваць, сачыць за станам сваёй машыны. Проста трэба рабіць усё, што залежыць ад цябе, па максімуме. І калі кожны будзе так да працы падыходзіць, у нас будзе добры каравай", – падзяліўся Яўген Васілька.
На сельгаспрадпрыемствах, якія далі раёну новых камбайнераў-тысячнікаў, валавы намалот і ўраджайнасць склаў: у ААТ "Васілішкі" - 15,7 тыс. тон, 60,8 ц/га. Перадавікі жніва не засталіся па-за ўвагай кіраўніцтва сельгаспрадпрыемстваў. Тысячніка ААТ «Васілішкі» павіншаваў дырэктар прадпрыемства Антон Бурнас.
Паводле даных на 3 жніўня ў Шчучынскім раёне ўбрана звыш 6,2 тыс. га збожжавых, або 30 працэнтаў да плана. Намалочана 37,5 тыс. тон збожжа пры ўраджайнасці 60 ц/га. Азімы рапс убраны на 71% плошчаў. Намалот склаў 4 тыс. тон, ураджайнасць 39,4 ц/га.
Як расказаў Генрых Юрэвіч, у Шчучынскім раёне 9 камбайнераў намалацілі звыш тысячы тон збожжа. Узначальвае спіс перадавікоў Дзмітрый Тарасевіч з ААТ "Васілішкі", які, паводле звестак на 3 жніўня, намалаціў на камбайне "КЗС-1624" 1316 тон збожжа. Больш за тысячу тон збожжа перавезлі 16 вадзіцеляў. Лідэрам тут з'яўляецца Дзмітрый Савіцкі з ААТ "Васілішкі", які на аўтамабілі МАЗ-6501С-4 перавёз 2127 тон збожжа.
Сяргей КАСПЕРЧУК.Фота аўтара.