ААТ Васілішкі - шматгаліновая гаспадарка, якая спецыялізуецца на вырошчванні збожжавых і зернебабовых культур, насення масленічных культур, бульбы, цукровых буракоў, кармавых культур, развядзенні свіней і малочнай буйной рагатай жывёлы, вырошчванні пладоў і гародніны.

231522, вул. Савецкая, 30, а.г. Васілішкі, Шчучынскі раён, Гродзенская вобласць

+375 (15) 147-93-07
+375 (15) 147-93-14 (факс)

Ураджайнасць – рэкордная! У ААТ “Васілішкі” завяршылі ўборку капусты

Ураджайнасць – рэкордная! У ААТ “Васілішкі” завяршылі ўборку капусты

У ААТ "Васілішкі" завяршылі ўборку капусты. Сёлета аграрыі гаспадаркі атрымалі выдатны ўраджай гэтай агародніны, а ўраджайнасць стала рэкорднай і склала больш як 900 цэнтнераў з гектара.

- Капуста ў гэтым годзе, як, зрэшты, і ў мінулым, займала 10 гектараў, - распавядае начальнік пладовага саду ААТ "Васілішкі" Пётр Лютастанскі. - Ужо на працягу некалькіх гадоў вырошчваем позні гібрыд "Старыдор". Ён нас задавальняе па ўсіх параметрах: і па буйнасці качана, і па доглядзе, і па смакавых якасцях. Акрамя таго, гэты зімовы гатунак вельмі добрае захоўваецца, што немалаважна. Невялікую партыю ўжо рэалізавалі: наша капуста паступае ў продаж у гандлёвыя кропкі, у якасці спонсарскай дапамогі - ва ўстановы адукацыі. А асноўныя аб'ёмы закладзены на захоўванне. У сховішчы створаны для гэтага ўсе ўмовы: неабходныя тэмпературны рэжым і вільготнасць. Таму нават атрыманы вышэй запланаванага ўраджаю ёсць рэальная магчымасць без страт захаваць да вясны.


Сёлета капуста парадавала васілішкаўцаў не толькі рэкорднай ураджайнасцю, але і якасцю качана.
 

- Ніколі такога не было, каб на ўсім полі качаны былі як на падбор, - цешыцца Пётр Станіслававіч. - Буйныя, роўныя, прыгожыя. Думаю, што звязана гэта найперш з тэхналогіяй вырошчвання: мы перайшлі на рассадны спосаб. Цяпер насенне сеем у рассадніках, а затым ужо расаду высаджваем на палі. Пры такой тэхналогіі даводзіцца выкарыстоўваць шмат ручной працы. Але вынік таго варты. Яшчэ адна прычына высокай ураджайнасці - умовы надвор'я. Праўда, адразу прыйшлося няпроста: высадзілі расаду і змагаліся за кожную расліну, паколькі стаяла сухое надвор'е. Але нам удалося яе выратаваць, расада прынялася, а дажджы дапамаглі ёй пайсці ў рост. Сваю ролю адыграў, вядома, і дастаткова цёплы год. Ёсць яшчэ адзін момант: ужо некалькі гадоў пры вырошчванні капусты мы не выкарыстоўваем гербіцыды. Міжраддзі культывуем, а для апрацоўкі шэрагаў выкарыстоўваем ручныя праполкі: сёлета хапіла толькі двух. Капуста ў такіх умовах адчувае сябе больш камфортна.


Уборка капусты таксама вядзецца па сваёй тэхналогіі. Дарэчы, занятыя на палях работнікі ААТ "Васілішкі" і жыхары раёна, якія працуюць па дагаворы падраду. Жаночая брыгада акуратна зразае качаны і пакідае іх там, дзе яны раслі. Следам іншая брыгада падбірае качаны з поля і перакідвае работнікам, якія знаходзяцца на трактары ля кантэйнераў. Качаны акуратна складаюцца ў кантэйнеры, якія напаўняюцца вельмі хутка. І трактары адзін за адным накіроўваюцца ў сховішча.








– Я ўжо сем гадоў працую ў ААТ “Васілішкі” па дамове падраду, –
кажа Люцыя Ташхаджаева. – У гэтым сезоне прыбіралі цыбулю, яблыкі, моркву, капусту. Мяне абсалютна задавальняюць і ўмовы працы, і заробак, які атрымліваю. Таму тут кожны сезон.

Як кажа Пётр Станіслававіч, сёлета качаны капусты выраслі такімі вялікімі, якіх не было за ўвесь час вырошчвання гэтай гародніны. А вось пры рэалізацыі гэта акалічнасць можа стварыць пэўныя цяжкасці: попытам у пакупніка карыстаецца капуста вагой 3-4 кг. Тут сваю ролю павінен адыграць яе цудоўны таварны выгляд.
 

Апусцелі палі гаспадаркі. Уборачныя работы практычна поўнасцю завершаны.

- Увогуле, мы задаволеныя вынікамі, - падводзіць вынікі Пётр Станіслававіч. – У гэтым годзе з гародніны мы вырошчвалі цыбулю, моркву, капусту і сталовы бурак. Буракоў было няшмат, толькі адзін гектар. Лук парадаваў сваёй якасцю - даспелы, з выдатным таварным выглядам, а вось ураджайнасць магла б быць вышэй. Ўмовы надвор'я для лука былі складаныя. Ён высах на полі, толькі прайшоў сартаванне і быў закладзены на захоўванне ў камеру.

Атрымалі дастойны ўраджай яблыкаў: сабралі больш за 1370 тон, а ўраджайнасць склала 228,5 цэнтнера з гектара. У параўнанні з мінулым годам значна палепшылася якасць яблыкаў, менш было нестандартных, значна менш апада. Каля тысячы тон заклалі на захоўванне для продажу, частку ўжо рэалізавалі. На днях адправілі машыну гэтай садавіны на экспарт.



Увогуле, мы рэалізавалі ўсе свае планы, а атрыманым вынікам можам смела ганарыцца: спрацавалі годна!
 


Ганна РУДСКАЯ.
Фота аўтара.