Высокая ацэнка ВНУ. Гродзенскі дзяржаўны аграрны ўніверсітэт упершыню стаў лаўрэатам Прэміі Урада за дасягненні ў галіне якасці
Званне лаўрэата конкурсу пацвердзілі 14 прадпрыемстваў. У Палацы Рэспублікі ўрачыста ўручылі Прэміі Урада Рэспублікі Беларусь за дасягненні ў галіне якасці 2021 года. У ліку 15 прадпрыемстваў і арганізацый, удастоеных звання лаўрэата, Гродзенскі дзяржаўны аграрны ўніверсітэт. Высокую ўзнагароду гэтага прэстыжнага конкурсу ва ўрачыстай абстаноўцы намеснік прэм’ер-міністра Беларусі Юрый Назараў уручыў рэктару ГДАУ Вітольду Песцісу. – Для калектыву нашай ВНУ прысуджэнне Прэміі Урада ў галіне якасці – найважнейшая і вельмі значная падзея, пацвярджэнне эфектыўнасці работы, канкурэнтаздольнасці і паспяховага вырашэння пастаўленых задач – развіцця аграрнай навукі і падрыхтоўкі высокакваліфікаваных спецыялістаў, – адзначыў Вітольд Песціс. – У той жа час для нас гэта стымул удасканальваць сваю працу, развіваць інавацыйную інфраструктуру, пашыраць інтэграцыю адукацыі, навукі і даследчай дзейнасці. Тым больш значная гэтая высокая адзнака ўніверсітэту ў самым пачатку ўступнай кампаніі. Мяркую, гэта паслужыць добрым стымулам для абітурыентаў як гарантыя атрымання трывалых ведаў і запатрабаваных прафесій.
Званне лаўрэата прэстыжнага рэспубліканскага конкурсу пацвердзілі 14 прадпрыемстваў, у тым ліку ААТ “Малочны Мір” і Гродзенскі дзяржаўны ўніверсітэт імя Янкі Купалы.
Прэмія Урада – узнагарода, якая прысуджаецца лепшым арганізацыям краіны за дасягненне значных вынікаў у галіне якасці і канкурэнтаздольнасці прадукцыі і паслуг, укараненне інавацыйных тэхналогій і сучасных метадаў менеджменту. Конкурс праводзіцца штогод пачынаючы з 1999 года і з’яўляецца самым аўтарытэтным праектам у рэспубліканскім конкурсным руху за якасць.
Лаўрэатам уручаюцца дыплом і сімвал прэміі, даецца права выкарыстоўваць на працягу трох гадоў выяву эмблемы прэміі пры маркіроўцы прадукцыі і на яе ўпакоўцы, у дакументацыі і ў рэкламных мэтах.