ААТ Васілішкі - шматгаліновая гаспадарка, якая спецыялізуецца на вырошчванні збожжавых і зернебабовых культур, насення масленічных культур, бульбы, цукровых буракоў, кармавых культур, развядзенні свіней і малочнай буйной рагатай жывёлы, вырошчванні пладоў і гародніны.

231522, вул. Савецкая, 30, а.г. Васілішкі, Шчучынскі раён, Гродзенская вобласць

+375 (15) 147-93-07
+375 (15) 147-93-14 (факс)

Залаты сноп, румяны каравай і ўтульны падворак: журы выбрала лепшых

Залаты сноп, румяны каравай і ўтульны падворак: журы выбрала лепшых

Раённыя дажынкі – гэта не проста свята. Гэта даніна павагі людзям, чыімі рукамі ствараецца галоўнае багацце нашай зямлі – хлеб. І, мабыць, самы відовішчны момант урачыстасці – конкурс на лепшы сноп, святочны каравай і лепшы падворак, дзе гаспадаркі раёна дэманструюць сваё майстэрства і творчасць.

А паглядзець сапраўды было на што! Пышныя, духмяныя караваі, упрыгожаныя найскладанымі ўзорамі з цеста, велічныя снапы з залатых каласоў і ўтульныя падворкі сталі сімваламі працвітання, урадлівасці і шчырай удзячнасці роднай зямлі за шчодры ўраджай. Кожная праца – гэта не проста вынік працы. Гэта гісторыя гаспадаркі, яе характар, яе душа.

Выбраць лепшых было сапраўды складана. Кожны каравай – твор мастацтва, кожны сноп – узор працавітасці і любові да зямлі. Журы прыйшлося ацэньваць і афармленне, і арыгінальнасць ідэі. І ўсё ж пераможцы былі вызначаны.

Лепшы каравай – у ААТ “Дэмбрава” пад назвай “Шчасце ў хату”. Глянеш – і адразу разумееш: зроблены з любоўю, на шчасце, на дабро. Пышнай, духмяны каравай, стаў сапраўдным увасабленнем гасціннасці, а вянчаючы яго флаг Рэспублікі Беларусь падкрэсліў галоўную ідэю – адзінства і гонар.

Не саступіў у майстэрстве і лепшы сноп “Золата палёў” – у СПУ “Пратасаўшчына” УП “Гроднааблгаз”. Ён вылучаўся сярод іншых багаццем залатых каласоў і вялікім памерам – больш за паўтара метра.

А пераможцам конкурсу падворкаў прызнана падвор’е ААТ “Васілішкі”. Чаго тут толькі не! Саламяныя скульптуры, выстава дароў ураджаю з ганарлівым надпісам “Зроблена ў Беларусі”, калыска і нават маленькая гаспадыня падворка – сабачка, якая ахоўвала падворак.

Віншуем пераможцаў! Дзякуй усім, хто працуе на зямлі! Няхай нашы палі і далей цешаць добрым ураджаем, а на сталах заўсёды будзе свежы хлеб!

Надзея Богдан.
Фота аўтара, Сяргея КАСПЕРЧУКА і Дзіяны КЕЙКА.