ААТ Васілішкі - шматгаліновая гаспадарка, якая спецыялізуецца на вырошчванні збожжавых і зернебабовых культур, насення масленічных культур, бульбы, цукровых буракоў, кармавых культур, развядзенні свіней і малочнай буйной рагатай жывёлы, вырошчванні пладоў і гародніны.

231522, вул. Савецкая, 30, а.г. Васілішкі, Шчучынскі раён, Гродзенская вобласць

+375 (15) 147-93-07
+375 (15) 147-93-14 (факс)

Напярэдадні Дня Незалежнасці ў Шчучынскім раёне ўшаноўваюць лідэраў корманарыхтоўкі

Напярэдадні Дня Незалежнасці ў Шчучынскім раёне ўшаноўваюць лідэраў корманарыхтоўкі

У Шчучынскім раёне паспяхова завершаны першы этап нарыхтоўкі кармоў. Механізатары сельгаспрадпрыемстваў праявілі высокую адказнасць і прафесіяналізм, выканаўшы пастаўленыя задачы ў тэрмін і з выдатнай якасцю. Сімвалічна, што вынікі гэтага важнага працоўнага этапа падводзіліся напярэдадні галоўнага дзяржаўнага свята – Дня Незалежнасці Рэспублікі Беларусь.

Менавіта ў гэтыя перадсвяточныя дні кіраўніцтва раёна вырашыла асабіста падзякаваць тым, чыёй працай ствараецца харчовая бяспека рэгіёну. Першы намеснік старшыні – начальнік упраўлення сельскай гаспадаркі і харчавання Шчучынскага райвыканкама Ігар Аверка наведаў калектывы ААТ “Дэмбрава”, ААТ “Васілішкі” і ААТ “АграГЖС”. Падстава – павіншаваць пераможцаў раённага спаборніцтва па нарыхтоўцы траў першага ўкосу і ўручыць ім заслужаныя ўзнагароды.

  • Дзякуй вам за добрасумленнасць і адданасць справе. Ад вашага ўкладу, стану тэхнікі і асабістай адказнасці залежыць поспех усяго сельскагаспадарчага года. Няхай ваша майстэрства і надалей служыць на карысць роднага раёна і ўсёй краіны! – звярнуўся да механізатараў Ігар Аверка.

Дыпломы і грашовыя прэміі ад Шчучынскай раённай арганізацыі Беларускага прафсаюза работнікаў АПК былі ўручаны тым, хто паказаў найлепшыя вынікі ў розных этапах тэхналагічнага працэсу.

Лепшым у касьбе траў прызнаны Яўген Юрага (ААТ «Дэмбрава»), а ў зграбанні падвяленай масы – Аляксандр Аліхвер (ААТ «Дэмбрава») і Андрэй Верабей (ААТ «Васілішкі»).

Высокае майстэрства пры падборы падвяленай масы прадэманстравалі Валянцін Антончык (ААТ “АграГЖС”) і Дзмітрый Дзмітрук (ААТ “Васілішкі”). А званне лепшых на адвозцы сянажнай і сіласнай масы заваявалі Іван Кулевіч (ААТ “Дэмбрава”) і Дзмітрый Тарасевіч (ААТ “Васілішкі”).

Узнагароджанне прайшло ў цёплай абстаноўцы ў прысутнасці кіраўнікоў сельгаспрадпрыемстваў. Дырэктар ААТ «Васілішкі» Антон Бурнос падкрэсліў ключавую ролю кожнага супрацоўніка ў агульнай справе:

  • Кожны чалавек у нас на вагу золата. Ад нашых працаўнікоў, ад іх рук і сэрцаў залежыць канчатковы вынік. Мы ганарымся такімі спецыялістамі, якія не проста выконваюць працу, а робяць яе з душой і сумленна.

Адзначым, што на гэтым ушанаванне пераможцаў не заканчваецца. У найбліжэйшыя дні Ігар Уладзіміравіч плануе наведаць і іншыя сельгаспрадпрыемствы, каб павіншаваць усіх лідэраў нарыхтоўкі кармоў першага ўкосу.

Па выніках першага ўкосу ў раёне скошана траў на плошчы 23589 гектараў. У засекі ўжо паступіла 1830 тон сена, 124,050 тон сенажу і 2241 тон сіласу. Агульны аб’ём нарыхтаваных травяных кармоў склаў 36.739 тон кармавых адзінак.

Гэтыя лічбы – не проста статыстыка, а гарантыя таго, што жывёлагадоўля раёна будзе забяспечана якаснымі кармамі. Віншуем пераможцаў і жадаем усім удзельнікам уборачнай гарачай пары бяспечнай працы і поспехаў у другім укосе!

Надзея Богдан.
Фота аўтара.