Шчучынскія хлебаробы прынялі ўдзел у абласным фестывалі-кірмашы “Дажынкі-2022”, які прайшоў у гарадскім пасёлку Вялікая Бераставіца
У гарадскім пасёлку Вялікая Бераставіца прайшоў абласны фестываль-кірмаш “Дажынкі-2022”, на які з’ехаліся перадавыя хлебаробы з розных куточкаў Гродзеншчыны і шматлікія госці.
З самага ранку на цэнтральнай плошчы было ажыўлена. Увагу удзельнікаў свята прываблівалі выстава конкурсных снапоў і караваяў і фотавыстава, працавала музейная экспазіцыя пад адкрытым небам, а народныя майстры праводзілі майстар-класы і прапаноўвалі свае вырабы. Побач размясціліся шматлікія падворкі раёнаў Гродзеншчыны, а гурманаў заклікаў да сябе гастрафэст.
Свята пачалося з урачыстага шэсця хлебаробаў. З галоўнай сцэны ўдзельнікаў фестывалю-кірмашу “Дажынкі-2022” вітаў старшыня Гродзенскага абласнога выканаўчага камітэта Уладзімір Каранік:
— Сёння ў гістарычны летапіс Бераставіцкага раёна ўпісана новая знакавая старонка. Народная мудрасць гаворыць: урачашні дзень – гэта гісторыя, сённяшні – падарунак, а заўтрашні – загадка. Вельмі сімвалічна, што сёння мы дорым адзін адному караваі з сёлетняга ўраджаю і выказваем словы падзякі за сумесную працу. Падчас Дажынак падводзім вынікі. І нам сапраўды ёсць чым ганарыцца! Аграрыі Гродзеншчыны намалацілі больш за 1,5 мільёна зерня новага ўраджаю. Гэта істотны ўнёсак у харчовую бяспеку нашай краіны. Сёняшняе свята – сімвал адзінства, якім заўсёды славіўся беларускі народ. Мы захоўваем традыцыі і абапіраючыся на іх будуем свою будучыню.
Ва ўрачыстай абстаноўцы прайшла цырымонія ўзнагароджання пераможцаў спаборніцтва на ўборцы ўраджаю бягучага года. Наш раён па вытворчых паказчыках, дасягнутых падчас жніва, заняў трэцяе месца сярод раёнаў Гродзеншчыны. Уладзімір Каранік падзякаваў старшыні Шчучынскага райвыканкама Аляксею Садоўскаму і яго першаму намесніку – начальніку ўпраўлення сельскай гаспадаркі і харчавання Ігару Аверка, за ўмелую арганізацыю ўборачнай кампаніі і ўручыў заслужаныя ўзнагароды. Ганаровымі граматамі і Падзякамі былі адзначаны першы намеснік начальніка ўпраўлення – начальнік аддзела раслінаводства і механізацыі ўпраўлення сельскай гаспадаркі і харчавання Андрэй Клімовіч, дырэктар ААТ “АграГЖС” Віктар Паўлюкевіч, галоўны аграном ААТ “Дэмбрава” Дзмітрый Скорб і загадчык аддзела шматгадовых траў Гродзенскага занальнага інстытута раслінаводства НАН Беларусі Браніслаў Бабіч. Ушанавалі таксама кіраўніка сельскагаспадарчым аддзяленнем ААТ “Васілішкі” Яна Андрушкевіча, трактарыста філіяла “Жалудоцкі агракомплекс” Алега Шынкевіча, майстра Шчучынскага рамонтнага завода Аляксандра Міхайленку, а таксама аператараў зернесушыльных установак ААТ “Дэмбрава” Юрыя Малючака і Уладзіміра Аверку, якія вызначыліся працай падчас сёлетняга жніва.
Паступова свята набірала абароты. Па наваколіі луналі народныя песні, ствараючы асаблівы настрой. Усе жадаючыя маглі пачаставацца традыцыйнымі стравамі беларускай нацыянальнай кухні, наведаць розныя выставы і імпрэзы, паглядзець на спартыўныя спаборніцтвы і водна-піратэхнічнае шоу. Для самых маленькіх удзельнікаў фестывалю працавалі дзіцячыя гульнявыя пляцоўкі. Бойка ішоў гандаль, а кавер-бэнды спаборнічалі ў артыстызме і віртуозным валоданні музыкальнымі інструментамі.
Кульмінацыяй свята стаў канцэрт з удзелам зорак беларускай эстрады Алёны Ланской, Вікторыі Алешкі, Аляксандра Саладухі, Германа Цітова і шоу-балета “Феерыя”. Затым усіх чакала святочная дыскатэка.
Аляксандр КАСПЯРЧУК.
Фота аўтара.