ААТ Васілішкі - шматгаліновая гаспадарка, якая спецыялізуецца на вырошчванні збожжавых і зернебабовых культур, насення масленічных культур, бульбы, цукровых буракоў, кармавых культур, развядзенні свіней і малочнай буйной рагатай жывёлы, вырошчванні пладоў і гародніны.

231522, вул. Савецкая, 30, а.г. Васілішкі, Шчучынскі раён, Гродзенская вобласць

+375 (15) 147-93-07
+375 (15) 147-93-14 (факс)

Падрыхтоўка да свята, клопат аб людзях, згуртаваная каманда аднадумцаў… У старшыні сельвыканкама Тамары Зубрыцкай даведаліся, чым жыве Васілішкаўскі сельсавет

Падрыхтоўка да свята, клопат аб людзях, згуртаваная каманда аднадумцаў… У старшыні сельвыканкама Тамары Зубрыцкай даведаліся, чым жыве Васілішкаўскі сельсавет

Разам са старшынёй Васілішкаўскага сельвыканкама мы заходзім у сціплы сялянскі дамок, гаспадыня якога шчыра дзякуе за клопат і ўвагу з боку мясцовай улады, а потым нечакана і неяк роднасна-проста дадае: “Гэта ж наша залатая Тамара!” Дарагога варты такі душэўны водгук у адрас Тамары Іванаўны Зубрыцкай, якая ўжо цэлы тузін год на неспакойнай і адказнай старшынёўскай пасадзе, стала за гэты час па-сапраўднаму блізкім чалавекам для жыхароў тутэйшых аграгарадкоў і вёсак.

У далёкім ужо 1985 годзе супружная пара Зубрыцкіх прыехала пасля сельгасінстытута працаваць аграномамі на малую радзіму мужа. Мо камусьці і здавалася, што карэнная гараджанка толькі адбудзе патрэбны тэрмін дый “перацягне” Вальдэмара Іосіфавіча ў родны для яе Гродна. Аднак Зубрыцкія пусцілі карані ў Васілішках, сталі не проста сведкамі, а непасрэднымі ўдзельнікамі вялікіх перамен і сацыяльна-эканамічнага росквіту гаспадаркі. Тамара Іванаўна праявіла не толькі прафесіяналізм, але і захопленасць грамадскай работай. Зусім не выпадкова, што ў 2010 годзе яе абралі старшынёй Васілішкаўскага сельскага Савета дэпутатаў.

—  Вось з таго часу я ў адказе за тое, каб падтрымліваць належны ўзровень узведзенай сацыяльнай  інфраструктуры, якой дзівяцца заезджыя госці і турысты, куды прыязджаюць пераймаць вопыт удзельнікі семінараў, — гаворыць Т.І. Зубрыцкая. – Але самае галоўнае для нас – гэта клопат пра мясцовых людзей, іх бяспеку і якасць жыцця. Вось у гэтыя дні ствараем святочную атмасферу: упрыгожана плошча, зіхацяць навагоднімі агеньчыкамі 12-метровая яліна, будынкі ў гірляндах, паўсюль ладзяцца цікавыя мерапрыемствы.
Вельмі ўдзячна кіраўніцтву ААТ “Васілішкі”, што тэхніка аграпрадпрыемства расчысціла дарогі і пад’язныя шляхі. Асаблівая ўвага – людзям сталага веку. З паўсотні чалавек, каму за 80, раз’ехаліся на зімоўку ў гарады да дзяцей, але ж ёсць і адзінокія. Вось і сёння, нягледзячы на непагадзь і галалёд, мы абследавалі 19 домаўладанняў па вуліцы Кастрычніцкай у Васілішках, дзе пабывалі ў людзей з інваліднасцю, у адзінока пражываючых.

На кантролі і вулічнае асвятленне. Сёлета на тэрыторыі сельсавета ўдалося замяніць 300 ліхтароў на сучасныя  энергазберагальныя.  Вялікая работа праводзіцца па зносе старых безгаспадарных будынкаў і акультурванні зямель.

—  Тамара Іванаўна, у вас шматнацыянальны рэгіён. Як удаецца падтрымліваць міжканфесійны дыялог і ўзаемапавагу?

— Сярод жыхароў сельсавета пераважаюць каталікі, але нямала і праваслаўных, людзей іншых веравызнанняў. Зразумела, што цяпер нямала змешаных шлюбаў: у некаторых сем’ях “падвойваюцца” Калядкі і іншыя святы, людзі розных веравызнанняў ходзяць адзін да аднаго ў госці, жывуць у добрасуседстве. Вельмі дапамагаюць падтрымліваць камфортны этнічны мікраклімат нашы святары – ксяндзы Станіслаў Пыцель і Збігнеў Драгула, прыязджае са Шчучына бацюшка Аляксандр Пасцерняк. У сваіх пропаведзях свяшчэннаслужыцелі пераканаўча гавораць пра бацькоўскія абавязкі і выхаванне дзяцей, уздымаюць пытанні бяспекі і адказнасці не толькі за сваю сям’ю, але і суседзяў, аднавяскоўцаў.

—  Чым яшчэ славіцца Васілішкаўскі сельскі Савет, дык гэта сваёй добра выбудаванай сістэмай мясцовага кіравання і самакіравання…

— Сапраўды, нашым шматлікім грамадскім актывістам і народным абраннікам у ініцыятыўнасці не адмовіш. Надзвычай эфектыўна працуюць дэпутаты Іван Кімашэўскі, Леанід Чайко, Міхаіл Кучура, Валерый Трусіла, Ян Андрушкевіч, Ніна Ліпская. Душа-чалавек Яніна Сяргей – старшыня сельскага камітэта аграгарадка Васілішкі. Надзейныя нашы памочнікі старасты вёсак Ванда Федасевіч (в. Кронькі), Марыя Будзько (в. Дварчаны), Кацярына Свідра (аг. Бакшты), Георгій Белка (аг. Галавічполе). Немалаважна, што васілішкаўскаму рэгіёну вельмі шанцуе на добрых і спагадлівых кіраўнікоў аграпрадпрыемства. Як у свой час, светлай памяці, Уладзімір Серахан, так і зараз яго пераемнік Антон Бурнос клапоцяцца пра людзей, дапамагаюць у вырашэнні сацыяльных задач, падтрымліваюць таленавітую моладзь. Радуе, што ў Васілішках ёсць такая згуртаваная каманда аднадумцаў, зацікаўленая ў развіцці роднага краю.

Таццяна СТУПАКЕВІЧ.
Фота аўтара.