ААТ Васілішкі - шматгаліновая гаспадарка, якая спецыялізуецца на вырошчванні збожжавых і зернебабовых культур, насення масленічных культур, бульбы, цукровых буракоў, кармавых культур, развядзенні свіней і малочнай буйной рагатай жывёлы, вырошчванні пладоў і гародніны.

231522, вул. Савецкая, 30, а.г. Васілішкі, Шчучынскі раён, Гродзенская вобласць

+375 (15) 147-93-07
+375 (15) 147-93-14 (факс)

Пірагі з печы ад Марыі Саковіч. Гаспадыня з Васілішак падзялілася досведам традыцыйнага гатавання

Пірагі з печы ад Марыі Саковіч. Гаспадыня з Васілішак падзялілася досведам традыцыйнага гатавання

Калісьці абавязковым атрыбутам амаль што ў кожнай беларускай хаце была паўнапамерная духавая печ. У ёй гатавалі есці, яе выкарыстоўвалі для ацяплення, яна з’яўлялася неад’емнай часткай вясковай культуры. Паціху мы пачынаем забываць гэтыя традыцыі, аднак ёсць яшчэ людзі, якія іх не толькі захоўваюць, але і прыстасоўваюць пад дзень сённяшні. Мы маем на ўвазе шматдзетную маці Марыю Саковіч з Васілішак. У яе хаце летась з’явілася сапраўдная руская печ, у якой выпякаюцца вельмі смачныя пірагі.

Захапленне выпечкай у Марыі Саковіч пачалося яшчэ з дзяцінства. Яна часта ездзіла да бабулі ў недалёкую ад Васілішак вёску Аляксандраўка, дзе і пераймала кулінарныя традыцыі.

– Раней зіма на вёсцы была перыядам пастаяннага карыстання печчу, – кажа Марыя. – У ёй гатавалі ежу, свінням есці рабілі. Печку тапілі рана, прыкладна ў 6 гадзін. І я любіла прачынацца раней, каб паглядзець на агонь, які ідзе з печкі. Бабуля з раніцы падгортвала вугалёчкі, ставіла трыножку і пякла духмяныя бліны. Іх пераварочвала, а наверх клала шкварку, якая пачынала сквірчэць на бліне. Было вельмі смачна, гэта цудоўныя ўспаміны з дзяцінства.

Калі Марыя выйшла замуж за Пятра, аказалася, што ў хаце яго бацькоў у Першамайску таксама была руская печ. Свёкар казаў, што калі-небудзь у дом прыйдзе нявестка, якая будзе з задавальненнем гатаваць у гэтай печы. Атрымліваецца, як у ваду глядзеў. А шчаслівая Марыя пачала выпякаць вялікія і смачныя пірагі на радасць усёй сям’і.

– Быў у нас са свёкрам адзін цікавы рытуал. За 10-15 хвілін да гатоўнасці пірага ён раўняў ложак, засцілаў на яго саматканы абрус і льняныя ручнікі. А ўжо потым нёс з печы вялікі пірог і выкладваў яго на ложак. Навошта гэта рабілася? Усё для таго, каб пірог трымаў форму. Справа ў тым, што ён з печы быў вельмі гарачы і таму хутка мог асесці. Я абмазвала яго салодкай вадой і пасыпала цукрам, а затым накрывала зверху абрусам. Ён стаяў так да поўнага астывання цэлую ноч. Пад сваёй парай пірог пачынаў павольна губляць тэмпературу і заставаўся ў першапачатковай форме, – дзеліцца з намі спадарыня Марыя.
Аднак гатаванне ў печы нельга лічыць простай справай, бо ў гэтай справе ёсць шмат нюансаў. Галоўны – тое, што да кожнай печкі павінен быць свой асаблівы падыход. Трэба ведаць, колькі паленаў неабходна закінуць для розных страў, бо кожная печка па-свойму прымае і трымае цяпло. Усё гэта трэба падбіраць і ведаць, менавіта таму кожная страва ў печы павінна гатавацца з любоўю, бо калі яе няма, то ніякія рэцэпты не дапамогуць.

Здаецца, звычайны пірог, аднак сакрэтаў у яго прыгатаванні шмат. Паколькі Марыя Саковіч любіць гэтую справу ўсім сэрцам, ёй вельмі хацелася, каб руская печ з’явілася і ў іх хаце ў Васілішках.

– Можна сказаць, што гэта была нашая з мужам мара, – дзеліцца жанчына. – Матэрыял для гэтага ў нас быў, кафля і цэгла толькі чакалі свайго часу. І ў мінулым годзе майстар з Ваверкі зрабіў нам печку ў адмысловай прыбудове да хаты. Яна яшчэ не набыла свой канчатковы выгляд, аднак гатаваць у ёй ужо можна, пакрысе мы яе даводзім да ладу.

Падчас выкарыстання печка павінна вытрымліваць вялікія перапады тэмпературы. Таму яна робіцца з гліны, бо гэты матэрыял, як у народзе кажуць, можа “хадзіць”, гэта значыць расшырацца ці, наадварот, сціскацца пад уздзеяннем тэмпературы. Дзякуючы такім уласцівасцям кафля не трэскаецца, а сама печка служыць доўгія гады.

Сям’я Марыі Саковіч любіць збірацца ў прыбудове каля печы і разам есці бліны, адмыслова для гэтых мэт свёкар Уладзімір змайстраваў драўляны стол. Дарэчы, часцяком сваёй маці ў прыгатаванні ежы дапамагаюць дзеці Анастасія, Аляксей і Ганна.

– Ежа з печы, – як адзначае Марыя, – валодае асаблівым смакам і водарам. Вось бульба напрыклад. Калі яе тушыць на газе, то будзе белая, а як дастанеш з печкі, то яна залацістая і вельмі смачная.
Вось так кулінарныя звычкі нашага народа захоўваюцца і жывуць, дзякуючы такім неабыякавым людзям, як Марыя Саковіч. Вельмі прыемна, што дзеці дапамагаюць сваёй маці ў гэтай справе, значыць каларытныя традыцыі абавязкова пяройдуць і ў наступнае пакаленне.

Алег ШЫШЛОЎСКІ.
Фота аўтара.