Ад поля да прылаўка: у “Васілішках” упершыню вырошчваюць каляровую капусту і брокалі

У ААТ “Васілішкі” ў рамках эксперыментальнага праекта, ініцыяванага па запыце буйной гандлёвай сеткі, прыступілі да ўборкі каляровай капусты і брокалі, высаджаных на плошчы 50 сотак замест традыцыйнай белакачаннай капусты.
У Гродзенскай вобласці такімі культурамі, як правіла, займаюцца толькі невялікія прыватныя гаспадаркі. Для буйных сельгаспрадпрыемстваў такая вытворчасць лічыцца эканамічна складанай, аднак у “Васілішках” вырашылі правесці эксперымент, ацаніўшы перспектывы рынку.

Як паведаміў начальнік пладовага сада ААТ “Васілішкі” Пётр Лютастанскі, на эксперыментальным масіве плошчай паўгектара расце некалькі відаў капусты, уключаючы чырвонакачанную, каляровую і брокалі. Пры гэтым для эксперыментальнага ўчастка выкарыстоўвалі насенне замежнай селекцыі, што дало магчымасць аграрыям ацаніць асаблівасці вырошчвання такіх культур у мясцовых умовах.
– Першапачаткова запыт ад гандлёвых сетак паступіў менавіта на чырванакачанную капусту, пазней з’явілася цікавасць да каляровай капусце і брокалі. Таму мы вырашылі праверыць, наколькі гэтая прадукцыя будзе запатрабаваная насельніцтвам праз буйныя гандлёвыя сеткі і крамы, – растлумачыў аграрый, каментуючы прычыны правядзення эксперыменту.
Паводле слоў Пятра Лютастанскага, вырошчванне новых для гаспадаркі культур запатрабавала карэкціроўкі прывычнай тэхналогіі. Калі на пачатковым этапе меркавалася, што каляровая капуста і брокалі будуць вырошчвацца па той жа схеме, што і белакачанная капуста, то ў працэсе работы аграрыі сутыкнуліся з шэрагам асаблівасцей.
- Першае, на што прыйшлося звярнуць увагу, – гэта тэрміны паспявання. Каляровая капуста спее хутка і нераўнамерна, таму неабходна ўвесь час кантраляваць участак і не прапускаць гатовыя расліны. Яшчэ адна асаблівасць заключаецца ў тым, што гэтая прадукцыя не прызначана для працяглага захоўвання. Яе неабходна адразу рэалізоўваць, – адзначыў начальнік пладовага саду.
Пры гэтым, як падкрэсліў спецыяліст, агульная тэхналогія вырошчвання застаецца падобнай: насенне высейваецца ў шклярніцы, пасля чаго расада высаджваецца ў адкрыты грунт. Важнай перавагай новай культуры, паводле яго слоў, з’яўляецца меншая колькасць хімічных апрацовак у параўнанні з прадукцыяй замежных канкурэнтаў.
- Наша капуста чысцейшая, у ёй менш хіміі, – заявіў Лютастанскі, дадаўшы, што культура вельмі ўспрымальная да сілкавання, што патрабуе падвышанай увагі да агратэхнікі. – Увогуле, складана атрымаць якасную прадукцыю, але, на мой погляд, у нас усё атрымалася, асабліва ўлічваючы, што ў гэтым пытанні мы піянеры. Калі будзем і надалей працягваць, будзем удасканальваць тэхналогіі, нам гэта цікава.
Непасрэдна на полі ўборкай заняты чатыры чалавекі. Двое работнікаў нажом зразаюць саспелыя галоўкі, яшчэ двое прымаюць сабраную прадукцыю. Увесь працэс выконваецца ўручную, паколькі гародніна патрабуе акуратнага звароту.

- З каляровай капустай і брокалі праца практычна такая ж, як з звычайнай капустай. Адзінае, прыбіраем яе не за адзін раз, а глядзім, дзе якая капуста расчынілася больш, тую і зразаем. На зямлю кідаць нельга, адразу кладзем у скрынку, таму што гародніна далікатная, з ёй трэба абыходзіцца адпаведна, – распавяла садоўнік пладовага саду ААТ “Васілішкі” Ганна Арцісевіч.
Паводле яе слоў, у гаспадарцы зараз праходзіць трэцяя выбарка ўраджаю. Пасля ўборкі саспелай прадукцыі супрацоўнікі вяртаюцца да працы ў пладовым садзе.

Першы ўраджай ужо дастаўлены пакупнікам. Каляровую капусту і брокалі можна набыць у магазіне ў аграгарадку Васілішкі. Жыхары населенага пункта атрымалі магчымасць пакаштаваць прадукцыю новага для гаспадаркі напрамку, а аграрыі адначасова атрымліваюць інфармацыю аб пакупальніцкім попыце, якая будзе ўлічвацца пры ацэнцы перспектыў далейшага вырошчвання гэтых культур.
Дыяна Кейка.
Фота аўтара.













